Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі да следчага Петрыкаўскага райаддзела Следчага камітэта Петрыкаўскага раёна капітана юстыцыі Аляксея Патапенкі і спыталі ў маладога чалавека, як праходзяць будні службы прадстаўніка гэтай прафесіі.
– Пэўна, большасць грамадзян малююць вобраз следчага па кінастужках і дэтэктыўнай літаратуры. У мастацкіх творах, канешне, прысутнічае доля праўды пра следчую справу, але насамрэч работа наша глыбейшая за любую мастацкую задуму.
Па службовай патрэбе нам часцяком даводзіцца ўнікаць у акалічнасці розных прафесій, каб, напрыклад, выявіць намеры службовай асобы пры прыняцці рашэнняў, да якіх узнікаюць пытанні. У прыватнасці, зараз мне даводзіцца багата чытаць пра Вялікую Айчынную вайну, бо разам з пракуратурай мы расследуем злачынствы, звязаныя з генацыдам беларускага народа, – падзяліўся следчы.
Аляксей Вітальевіч ураджэнец Мазыра. Малады чалавек згадвае, што на выбар будучай прафесіі на яго істотна паўплываў бацька, які працаваў у органах. “З маленства я ведаў, што шлях чалавека ў пагонах нялёгкі, але стаяць на варце закона пачэсна, гэта справа годных, адказных людзей, якія служаць на карысць бяспекі і дабрабыту грамадства”, – падзяліўся меркаваннем следчы.
Пасля заканчэння Акадэміі МУС у 2018 годзе Аляксей распачаў службу ў родным Мазыры. Ён і зараз добра памятае свой першы выезд па факце браканьерства. Нягледзячы на тое, што ў гэты час малады следчы яшчэ не меў істотнага вопыту, кіраваць следча-аператыўнай групай было не складана: супрацоўнікі міліцыі і прыродаахоўнай структуры добра ведалі сваю справу, якасна праводзілі адмысловыя мерапрыемствы. Гэта адзін з сакрэтаў поспеху ў справе расследавання – калі кожны супрацоўнік групы дзеліцца назіраннямі, падказвае калегам, як лепей сабраць патрэбныя ўлікі, адпрацаваць са сведкамі ў межах сваёй больш глыбокай кампетэнцыі.
“Так і ажыццяўляецца перадача каштоўнага вопыту і зараз ужо, пэўна, няма такіх здарэнняў, на месцы якіх у мяне б узнікалі пытанні па арганізацыі следства”, – расказаў капітан юстыцыі.
Праз некалькі гадоў Аляксей Патапенка быў пераведзены ў Петрыкаўскі райаддзел Следчага камітэта. На пытанне, якія справы пакідаюць у свядомасці следчага найбольшы адбітак, малады чалавек тлумачыць: “Намагаемся адносіцца да кожнага злачынства, як да работы. Зразумейце правільна, мы не выхоўваем у сабе абыякавасць да чалавечай бяды, аднак эмоцыі могуць адыграць у справе следчага адмоўную ролю, а мы не маем права страчваць аб’ектыўнасць і губляць пільнасць. Але, вядома, здарэнні адбываюцца розныя і заўсёды захоўваць “халодную” галаву бывае складана. Так, больш чула я ўспрымаю факты замахаў на палавую недатыкальнасць непаўналетніх, бо дзеці – адна з самых неабароненых катэгорый насельніцтва і часцяком нават не ўсведамляюць сапраўдных намераў дарослых”.
Аляксей Вітальевіч удзельнічаў у сёлетнім парадзе з нагоды Дня Незалежнасці ў сталіцы, калі страявым крокам маршыраваў разам з калегамі са Следчага камітэта. Кожны аддзел накіраваў на ўрачыстасць свайго супрацоўніка загадзя, трэніроўкі праходзілі два разы на дзень працягам месяца. “Нягледзячы на тое, што страявая падрыхтоўка ўвогуле справа нялёгкая, мы справіліся годна пры любым надвор’і, пра што было ў выніку адзначана кіраўніцтвам, а ўвогуле, гэта вельмі пачэсна – прадстаўляць свой аддзел і ўсю структуру Следчага камітэту на вялікім парадзе з нагоды галоўнага свята краіны”, – падзяліўся ўражаннямі суразмоўца.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара і з архіву следчага камітэта.
Оставить комментарий