Высокі прафесіяналізм майстроў сваёй справы – гонар любога прадпрыемства. Эфектыўнасць работы лясгаса, без перабольшання, у нечым залежыць і ад токара 5-га разрада Віктара Колчына.
За без малога 40 гадоў працоўнага стажу – прафесійнага вопыту і майстэрства назапашана нямала. Пра тое, як прыйшоў у прафесію і яе нюансы, Віктар Валер’евіч распавёў нашаму карэспандэнту.
Суразмоўца згадвае, што з будучай прафесіяй пачаў знаёмства яшчэ ў школе: савецкая сістэма адукацыі давала магчымасць юнакам на занятках у вучэбна-вытворчым камбінаце атрымліваць першапачатковыя веды пра рабочыя спецыяльнасці токара, слесара. Паралельна з урокамі ў школе можна было вывучыцца на кіроўца ці механіка – для многіх аднагодкаў вучоба ў ВВК прадвызначыла далейшы прафесійная лёс.
Закончыўшы школу, наш герой два гады адпрацаваў слесарам у калгасе. Пасля была вучоба ў Брэсцкім ПТВ. Неаабходны практычны вопыт малады спецыяліст набываў на Брэстсельмашы. Менавіта там, па словах мужчыны, адбылося яго станаўленне ў прафесіі. Набытыя навыкі токара, фрэзіроўшчыка, рэвальвершчыка сталі добрым падмуркам наступнага прафесійнага росту.
Па сямейных абставінах пэўны час Віктар Валер’евіч жыў у Казахстане, па вяртанні адпрацаваў некалькі гадоў у курыціцкай гаспадарцы “Бальшавік”. 18 гадоў прафесійнай біяграфіі звязаны з “Аграсэрвісам”. Па словах суразмоўцы, матэрыяльная база, якой па тым часе валодала арганізацыя, была даволі моцная – адных станкоў налічвалася амаль два дзясяткі. Спачатку тачыў балты, шайбы, гайкі, пасля шліфаваў каленвалы. Вопытныя токары дзяліліся сакрэтамі майстэрства. Менавіта там назапасіў каласальны вопыт работы на шліфавальным, фрэзерным, свідравальным, расточным станках і наждаку.
Вось ужо 9 гадоў Віктар Валер’евіч шчыруе токарам на дрэваапрацоўчым цэху Петрыкаўскага лясгасу. Абсталяванне, на якім працуе наш герой, хоць і не старое, аднак без лічбавага праграмнага кіравання, а значыць патрабуе ад спецыяліста навыкаў і кемлівасці. Кіраўніцтва адзначае высокі ўзровень кваліфікацыі Віктара Валер’евіча: многія дэталі машын і механізмаў наш герой можа вырабіць на сваім станку ў аптымальна сціснуты час. Рамонт перабітага перахадніка лесавоза для яго справа 15-ці хвілін. Такім чынам не выдаткоўваюцца дадатковыя сродкі на набыццё запчастак і зводзіцца да мінімуму прастой тэхнікі. Без перабольшання, залатыя рукі Віктара Валер’евіча ў сукупнасці з назапашаным вопытам – каштоўны рэсурс для лесагаспадарчай установы.
– Многія сёння, на жаль, лічаць работу ў цаху не прэстыжнай. Так, яна цяжкая і адказная, патрабуе ўважлівасці, добрага зроку, хуткай рэакцыі і фізічнай вынослівасці. Пра сябе магу сказаць так: я “тачу” ўсё жыццё, і гэта мне падабаецца, – дзеліцца наш герой. – Найвялікшая радасць для мяне – бачыць тое, як адрамантаваны табой механізм стаў працаваць.
Мы развітваемся – і наш герой спяшаецца на сваё працоўнае месца: паступіў тэрміновы заказ і ён, без сумненняў, будзе выкананы якасна і ў тэрмін.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий