У школьныя гады дзіцячы арганізм працягвае развівацца і патрабуе паўнавартаснага збалансаванага харчавання. Гэтаму пытанню ў нашай краіне надаецца асаблівая ўвага. Чым жа ў гэтым навучальным годзе частуюць школьнікаў?
Каб адказаць на пытанне, што ўсё ж такі змянілася ў харчаванні школьнікаў, мы звярнуліся да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і адказнай за харчаванне ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава” Таццяны Кудзько:
– У галіне харчавання адбыліся значныя змены. У мінулым годзе пачалі ўводзіць новыя стравы, каб паглядзець, ці спадабаецца вучням. Такім чынам, кожны месяц у меню ўводзілі па адной новай страве, нешта захавалася і да сённяшніх дзён, а тое, што дзеці, так скажам, не ацанілі, прыбралі са спіса. Сярод вучняў праводзілі і апытанні, каб скарыстацца пажаданнямі дзяцей і ўвесці ў меню тое, чаго яны самі чакаюць.
Ужо ў гэтым навучальным годзе меню было поўнасцю скарэкціравана і засталіся толькі тыя стравы, якія больш за ўсё былі запатрабаваны ў вучняў, пры гэтым былі карыснымі і збалансаванымі па харчовых падатках. Высока ацанілі дзеці такія новаўвядзенні ў меню, як запяканка “Зебра”, маннік “Паласацік”, піца школьная з сырам. На абед дзеці з задавальненнем ядзяць курыны шашлык, курыныя аладкі “Курачка Раба”, катлеты са свініны. Многае змянілася і ў вобласці напіткаў: адышлі ад традыцыйных кампотаў з сухафруктаў, у прыярытэце ў дзяцей гарачы шакалад, напітак “Дюшэс”.
Усе стравы гатуюцца асабіста намі, паўфабрыкатаў няма. З меню амаль сышлі макароны, у якасці абедзенай стравы іх ужо няма, але дзеці могуць паесці на сняданак макароны з сырам.
У сувязі з новымі стравамі абнавілі і абсталяванне: паставілі новыя пліты і спецыяльны апарат – параканвектамат.
Адходаў стала ў разы менш, і гэта не можа не радаваць. Меню стала разнастайным, цяпер дзеці яшчэ з большым задавальненнем чакаюць пахода ў сталовую.
А вось чым падзяліліся з намі і самі вучні:
Анастасія Шаруба, вучаніца адзінаццатага класа:
– Мне заўсёды падабалася школьная ежа, але ў апошнія гады значна адчуваюцца паляпшэнні. Нешта адно са спіса вылучыць не магу, але з самых любімых – гэта курыная катлета, тушаная бульба, расольнік, маннік, запяканка “Зебра”.
Антон Шарнацкі, вучань сёмага класа:
– Мне вельмі падабаецца новае меню. Ежа разнастайная і смачная. Але калі ўсё ж такі вылучыць нешта адное, то я выберу сырнікі.
Алена Зубар, маці дваіх вучаніц і настаўніца сярэдняй школы №2
таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад новаўвядзенняў у меню:
– Маім дзецям вельмі падабаецца есці ў нас у сталовай. Усе стравы супадаюць з патрабаваннямі і густам дзяцей. Ёсць, канешне, тое, што з’ядаецца поўнасцю, а ёсць і тое, што палюбілася меней, але заўсёды дзеці адклікаюцца толькі добрымі словамі наконт харчавання.
Анастасія ФЕЛЬКІНА, фота аўтара.
Оставить комментарий