5 мая ў Беларусі сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі выдавецтваў, друкарняў, журналісты – усе тыя, хто звязаны з яго вялікасцю друкаваным словам.
У перадсвяточныя дні чарговы раз згадваю словы Прэзідэнта, адрасаваныя нам, журналістам: “Журналістыка – прафесія дзяржаўная, у тым сэнсе, што журналіст, як ніхто іншы са спецыялістаў сацыяльнай сферы, можа самым актыўным чынам уплываць на працэсы, якія адбываюцца ў краіне, фарміраваць грамадскае меркаванне аб падзеях і з’явах нашага жыцця. Гэтым абумоўлена сапраўды дзяржаўная адказнасць кожнага, хто вядзе размову з чытачом, слухачом, тэлегледачом”.
Так, мы выбралі вельмі цікавую, вельмі адказную, няпростую ў многіх сэнсах прафесію. Няпростую па той прычыне, што работа журналіста – гэта штодзённая праца, якая не залежыць ад умоў надвор’я, святаў і выхадных. А з моманту развіцця інтэрнэт-рэсурсаў да друку, у шырокім сэнсе, можна аднесці і сацыяльныя сеткі. З запускам новых інфармацыйных пляцовак аператыўнасць інфармавання, безумоўна, узрасла, як узраслі і патрабаванні – цяпер работа вя-дзецца практычна ў кругласутачным рэжыме і патрабуе ад супрацоўнікаў аператыўнасці, уважлівасці, стрэсаўстойлівасці і, на жаль, суправаджаецца ненармаваным працоўным днём і ахвяраваннем асабістымі інтарэсамі і сямейнымі справамі. Разам з тым, дзякуючы сваёй прысутнасці ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджарах, мы знаходзімся на сувязі з нашым чытачом і падпісчыкам у рэжыме 24/7.
Штодзень за нашымі навінамі “сочыць” больш за 50 тысяч чалавек, што ў 12 разоў перавышае колькасць падпісчыкаў на папяровую версію газеты. Сваю ж галоўную задачу мы па-ранейшаму бачым у тым, каб несці людзям ва ўсёй яе разнастайнасці аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра тое, чым жыве краіна, регіён, раён і яго населеныя пункты, быць надзейным каналам сувязі грамадства і ўлады.
Данесці праўду, калі вакол столькі хлусні, вельмі важна. Мы працуем, каб людзі разумелі, што адбываецца ў свеце і краіне, каб яны ведалі, як на самой справе мы жывем і да чаго імкнемся, каб яны ўсведамлялі, што сусветная суполка – утварэнне намнога складанейшае, чым ім імкнуцца навязаць. Ды і выклікаў сучасная сусветная суполка штодзень нашай дзяржаве кідае нямала. Ідзе сапраўдная інфармацыйная вайна. “Мы не можам прайграць гэту вайну. Прайграем інфармацыйную вайну – значыцца, акунемся ў вайну сапраўдную”, – справядліва зазначае і папярэджвае нас, медыйшчыкаў, Прэзідэнт. І мы, байцы інфармацыйнага фронту, імкнемся рэагаваць на кожны з выпадаў і фэйкаў, выбудоўваем новую сістэму зносін журналіста з чытачом, каб журналісцкаму слову, як і раней, верылі, бо яно служыць дабру, справядлівасці і творчасці.
Таму, паважаныя калегі, сённяшнія і былыя, хто аддаў і аддае гады свайго жыцця журналісцкай справе, якая, шчыра кажучы, стала для кожнага з нас не проста месцам працы ці радком уласнай біяграфіі, а лёсам – са святам! Дзякуй вам за самаадданае служэнне “раёнцы”.
Упэўнена, што дзень друку лічаць сваім святам і нашы пазаштатныя аўтары – са святам і вас, нашы шаноўныя аднадумцы і заўзятары пяра.
І, вядома ж, мы віншуем са святам і вас, нашыя паважаныя чытачы. Шчыры дзякуй вам за давер і падтрымку, за неабыякавасць і адваротную сувязь, за канструктыўную крытыку і дзейсныя парады. Ведайце: мы працуем і стараемся для вас, каб прапанаваць якасны і цікавы кантэнт, разнастаіць рэчаіснасць. Няхай Дзень друку заўсёды будзе нашым агульным святам, а шчырае і вернае сяброўства нам у гэтым дапаможа.
Дзень за днём! Заўсёды!
Галіна КАЗАК.
Оставить комментарий