Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь 6 лютага бягучага года пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да карніка Сямёна Серафімавіча.
На руках ураджэнца Беларусі кроў больш чатырох тысяч ні ў чым не павінных людзей, з іх – 626 дзеці. Дзейнічаў ён з асаблівай жорсткасцю: сваіх ахвяр асабіста катаваў, расстрэльваў, спальваў жыўцом, вешаў. У справе 30 тамоў, па ёй праходзяць 54 сведкі.
Першым, хто даў паказанні ў судзе, стаў жыхар Баранавіч. Ён праходзіць па гэтай справе як пацярпелы. Мужчына падрабязна расказаў, як яго прадзеда, старшыню калгаса ў даваенны час, на беразе Нёмана расстраляў Серафімавіч. Пацярпелы паведаміў, што даведаўся падрабязнасці забойства ад свайго дзядзькі. Той быў тады падлеткам. Расправа адбылася ў 1943 годзе. Карнікі злавілі людзей у лесе, выстраілі ў рад. Здраднік асабіста падышоў да старшыні калгаса, старшыні сельскага Савета, яшчэ да аднаго грамадзяніна, адвёў у бок і расстраляў. Падчас допыту ў судзе жыхар Баранавіч распавёў, што справай карніка ён займаецца з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Як высветлілася ў судзе, ён сустракаўся з афіцэрамі Скотланд-Ярда, якія ў 1993 годзе прыязджалі ў Беларусь для пошуку сведкаў і доказаў злачыннай дзейнасці Серафімавіча. У 90-я гады Вялікабрытанія спрабавала асудзіць карніка, але ён не дажыў да суда.
Таксама ў суд з’явіўся сведка з горада Мір. Мужчына – настаўнік гісторыі, і ён таксама займаецца справай здрадніка ўжо працяглы час. Яго паказанні засноўваліся на архіўных дакументах і ўспамінах, якімі з ім падзяліліся музеі, у прыватнасці працаўнікі Мірскага замка, дзе нейкі час падчас вайны размяшчалася гета. Ён падрабязна расказаў пра два эпізоды, як расстралялі мясцовых жыхароў. Па словах мужчыны, першы расстрэл у Міры быў у ліпені 1941 года. Тады 30 чалавек вывелі за горад, нібыта на новае месца працы, і забілі. Рэчы, каштоўнасці і іншае паліцаі знялі з забітых і прысвоілі сабе. Наступнае масавае забойства адбылося 9 лістапада 1941 года. Расстрэл адбыўся ў кар’еры каля горада. Тады загінула каля 1600 чалавек. Калону суправаджалі паліцаі, яны ж потым расправіліся з людзьмі. У гэты ж дзень працягнуліся расстрэлы ў горадзе – паліцаі забілі каля 800 мясцовых жыхароў. 13 жніўня 1942 года карнікі дабілі апошніх яўрэеў, якія жылі ў мястэчку, каб Мір цалкам “зачысціць” для размяшчэння базы адпачынку нямецкіх лётчыкаў. Адказваючы на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы, сведка адзначыў, што Мірскі замак выкарыстоўваўся нацыстамі і іх памагатымі для ўтрымання яўрэеў – паводле яго слоў, у замку ў жудасных умовах утрымлівалася іх каля 800. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, апроч карных аперацый, якія праводзіў Серафімавіч, ён і яшчэ некалькі паліцаяў займаліся катаваннямі, здзекамі, а яшчэ гвалтавалі дзяўчын-яўрэек.
У нашай краіне гэта не першая справа ў адносінах да карнікаў, якія пазбеглі пры жыцці прыцягнення да адказнасці за здзейсненыя злачынствы супраць мірных жыхароў Беларусі ў час вайны. Жорсткасць і цынізм гітлераўскіх памагатых цяжка асэнсаваць. Усе яны – ганьба для нацыі, сапраўдны гнайнік, вайна проста паскорыла яго выкрыццё.
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий