17 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень народнага адзінства – дзяржаўнае свята, заснаванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 года № 206.

Увядзенне гэтай даты ў каляндар дзяржаўных свят – даніна памяці нашым суайчыннікам, якія не змірыліся з несправядлівасцю Рыжскай мірнай дамовы і зма-галіся за ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай дзяржаве.
Мірны дагавор, які завяршыў савецка-польскую вайну, быў падпісаны 18 сакавіка 1921 года ў Рызе без удзелу беларускага боку і прывёў да таго, што этнічныя беларускія землі, беларускі народ амаль на два дзесяцігоддзі былі штучна падзелены на часткі. Гэты раздзел нанёс сур’ёзны ўдар па працэсах нацыянальна-культурнага і палітычнага будаўніцтва Беларусі, зрабіў “беларускае пытанне” адным з напружаных у польска-савецкіх адносінах і ў наступныя гады.
Заходнія вобласці Беларусі з насельніцтвам звыш 3 мільёнаў чалавек на два дзесяцігоддзі ўвайшлі ў склад польскай дзяржавы. На гэтых тэрыторыях не было рэалізавана права беларусаў на самавызначэнне і ім давялося зведаць розныя формы дыскрымінацыі – сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, эканамічную. Гэта ў корані парушала палажэнні Рыжскай мірнай дамовы.
На землях Заходняй Беларусі, якія палякі грэбліва называлі “крэсамі ўсходнімі” і “ўсходняй ускраінай”, ажыццяўлялася мэтанакіраваная жорсткая палітыка эксплуатацыі мясцовага насельніцтва, разрабаванне прыродных рэсурсаў, вывазу і знішчэння культурных і матэрыяльных каштоўнасцяў.
Заходняя Беларусь выкарыстоўвалася Польшчай як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы. Разбураная Першай сусветнай вайной эканоміка рэгіёна заставалася ў застоі. Сяляне, якія складалі пераважную большасць насельніцтва Заходняй Беларусі, пакутавалі ад малазямелля, паўфеадальнай залежнасці ад польскіх паноў-асаднікаў. У пошуках працы і сродкаў да існавання жыхары беларускіх вёсак былі вымушаны масава эмігрыраваць у краіны Заходняй Еўропы і Амерыку.
Не было беларускіх тэатраў, закрываліся клубы і бібліятэкі. У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай. Нельга замоўчваць і аб тым факце, што палітыка паланізацыі ў сферы адукацыі, якая ставіла за мэту адарваць маладое пакаленне беларусаў ад сваіх нацыянальных каранёў, прывяла да фактычнай ліквідацыі сістэмы беларускіх школ у Заходняй Беларусі. У сувязі з высокай платай за навучанне, беднасцю, перашкодамі з боку польскіх улад быў рэзка абмежаваны доступ беларускіх дзяцей у сярэднія школы. ВНУ для іх былі практычна недаступнымі.
Заканамерным вынікам такой палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі стаў магутны нацыянальна-вызваленчы рух. Барацьба беларусаў прымала розныя формы – ад забастовак і дэманстрацый да ўзброенага супрацьстаяння.
Тысячы простых беларусаў, сотні дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, паэты, пісьменнікі падвяргаліся рэпрэсіям, былі арыштаваны і адпраўлены ў польскія турмы і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, дзясяткі з іх былі закатаваны і загінулі. Нягледзячы на ўсе маштабныя рэпрэсіўныя меры, якія рабіліся польскімі ўрадамі на працягу двух дзесяцігоддзяў у адносінах да мясцовых жыхароў Заходняй Беларусі, ім так і не ўдалося знішчыць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, разарваць асновы духоўнай сувязі беларускага народа, штучна падзеленага мяжой.
Канец 1930-х гадоў у сферы міждзяржаўных адносін найбуйнейшых еўрапейскіх краін характарызуецца складанасцю і супярэчлівасцю.
1 верасня 1939 года з нападу Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Першыя тыдні вайны былі азнаменаваны імклівым прасоўваннем германскіх войскаў па тэрыторыі Польшчы, уцёкамі польскага ўрада з краіны і фактычнай ліквідацыяй польскай дзяржаўнасці.
У сітуацыі, якая склалася, СССР заявіў, што “бярэ пад сваю абарону жыццё і маёмасць украінскага і беларускага насельніцтва ўсходніх абласцей Польшчы”. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. У архіўных дакументах красамоўна зафіксаваны ўзнёслы настрой абсалютнай большасці мясцовых жыхароў, якія з радасцю сустракалі чырвонаармейцаў як вызваліцеляў з кветкамі, хлебам-соллю.
Ваенных дзеянняў паміж польскімі і савецкімі войскамі амаль не было і да 25 верасня тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўжо поўнасцю вызвалена.
У адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 22 кастрычніка ў Заходняй Беларусі прайшлі ўсеагульныя выбары. 28–30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі, які аднагалосна прыняў Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР і выбраў паўнамоцную камісію для перадачы гэтага рашэння Вярхоўным Саветам БССР і СССР.
14 лістапада сесіяй Вярхоўнага Савета БССР быў прыняты Закон аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.
Безумоўна, аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 года стала актам гістарычнай справядлівасці і падарыла магчымасць беларускаму народу зноў уз’яднацца, жыць і развівацца ў адной краіне. Гэта Адзінства – наша сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць.
Без перабольшання, менавіта адноўленае адзінства дазволіла беларусам выстаяць у вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны і ўзняць краіну з руін у цяжкія пасляваенныя гады.
Сёння Дзень народнага адзінства служыць аб’ектыўным напамінам аб самадастатковасці беларускай нацыі і непахіснасці беларускай дзяржаўнасці, сімвалізуе пераемнасць усіх пакаленняў беларускага народа і ўмацоўвае згуртаванасць грамадства на шляху пабудовы моцнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі.
Са святам, землякі, з Днем народнага адзінства!

Старонкі гісторыі перачытвала
Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о