Сёння свае прафесійнае свята адзначаюць людзі, якіх аб’ядноўвае спорт, хто захоплены фізічнай культурай і вядзе актыўны лад жыцця. Адна з такіх, мая гераіня – прыгожая, стройная, упэўненая ў сабе жанчына, настаўнік фізічнай культуры і спорту ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава” Аксана Скрабец.

“Спорт павінен прысутнічаць  у жыцці кожнага чалавека”

Дамовіцца аб сустрэчы з Аксанай Іванаўнай аказалася не так проста. Жанчына ўпэўнівала супрацоўнікаў рэдакцыі, што ёсць у такі важны для фізкультурнікаў дзень больш прыдатныя кандыдатуры, каб стаць героямі “ПН”. Але мы не дазволілі педагогу прынізіць яе спартыўныя заслугі і нагадалі пра ўклад яе асобы ў спартыўнае жыццё Петрыкаўшчыны. Пасля нядоўгіх “перамоў” мы сустрэліся ў спартыўнай зале першай гарадской школы.
– Я ўраджэнка вёскі Фаставічы.Калі была малая, наша сям’я пераехала ў Акцябрскі раён, – дзеліцца старонкамі свайго жыцця гераіня. – Праз некаторы час бацькі вырашылі вярнуцца на Петрыкаўшчыну. Я на той час была ужо дарослым і самастойным чалавекам, падтрымала іх рашэнне і таксама прыехала на малую радзіму.
Па словах суразмоўцы, спорт “ішоў” з ёю па жыцці заўсёды. Асабліва прыцягваў валейбол. Але пасля школы падала дакументы ў Рэчыцкі ветэрынарны тэхнікум. Чаму менавіта ветэрынарыя? Напэўна, таму, што любіла жывёл, бацькі ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы і такі від дзейнасці быў добра знаёмы. Пасля атрымання дыплома фельчара ветэрынарнай медыцыны адпрацавала па спецыяльнасці шэсць гадоў. З пераездам на Петрыкаўшчыну жыццё ў прафесійным плане кардынальна змянілася.
– У 2005 годзе ў КСУП “Камаровічы” мне прапанавалі па сумяшчэнню працу арганізатара культурна-масавай работы на вёсцы. З таго часу спорт трывала ўвайшоў у маё жыццё, – успамінае Аксана Іванаўна. – Трэніроўкі з вясковай моладдзю, падрыхтоўка да спаборніцтваў, першыя камандныя перамогі – адчувала, што ўсё гэта маё. У тым жа годзе паступіла на завочную форму навучання ва ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
Жанчыну так захапіла даручаная грамадская справа, што ўжо на трэцім курсе навучання ва ўніверсітэце ёй ад раённай спартыўнай школы, прапанавалі стаць трэнерам па валейболе вясковай каманды.
У 2008 годзе жанчына пераехала жыць у Петрыкаў. У райцэнтры працягнула спартыўную дзейнасць трэнерам па валейболе ў спартыўнай школе ФСК “Ураджай”. У 2012 годзе прыйшла працаваць у першую гарадскую школу.
– Я лічу, што спорт павінен прысутнічаць у жыцці кожнага чалавека. Займацца ім не проста цікава, але і вельмі карысна для арганізма, для здароўя. На сённяшні дзень існуюць розныя віды спорту, а ў нашым горадзе ўсе магчымасці для заняткаў створаны, – упэўнена Аксана Іванаўна.
Акрамя работы ў школе, пасляўрочнай дзейнасці з падрастаючым пакаленнем, Аксана Іванаўна з’яўляецца членам арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту і прадстаўляе раён у складзе каманды па пяцібор’ю.
– Спорт і фізкультура для мяне – гэта культура цела, розуму, паводзін. У тых, хто вядзе здаровы лад жыцця, другая якасць жыцця, – падагульняе суразмоўца.
Гераіня – прыклад у мэтанакіраванасці, правільнасці выбару рашэнняў і для сваіх дзяцей, і ўжо ўнукаў. Сын Яўген працуе ў Петрыкаўскім РАНС, дачка Анастасія – педагог па музыцы і часта радуе землякоў творчымі нумарамі, ігрой на цымбалах. Дзеці выраслі годнымі і рознабаковымі асобамі. Пасля працы і трэніровак гераіня жыве сваім жыццём: захапляецца фітатэрапіяй, вырошчвае гародніну, нават трымае невялікую гаспадарку. Усё задуманае ў яе атрымоўваецца. Напэўна, таямніца яе паспяховасці ў тым, што ёй не абыякава тое, што адбываецца навокал. Аксана Іванаўна прысвячае сябе людзям і ўдзячнасць вяртаецца да яе бумерангам.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о