У нядзелю, 15 снежня, у Жыткавічах адбылася зваротная таварыская сустрэча ветэранаў фізічнай культуры і спорту двух суседніх раёнаў – Жыткавіцкага і Петрыкаўскага.
Як было адзначана раней, 17 лістапада спартсмены паважанага ўзросту наведвалі Петрыкаў, дзе перамаглі землякоў, але барацьба была настолькі роўнай, што пры падліку вынікаў прыйшлося звяртацца да дадатковых паказчыкаў. Вядома, што петрыкаўскія ветэраны спорту прагнулі ўзяць рэванш.
У праграму таварыскіх спаборніцтваў традыцыйна ўваходзілі пяць відаў спорту. Моцная і прыгожая паловы змагаліся за тэнісным сталом, паказвалі сваю трапнасць у дартсе, узважанасць і разлік у шахматных і шашачных партыях. Акрамя гэтага мужчыны паказалі свае здольнасці ў більярдзе. Пераможцы, як і раней, прыносілі ў агульны залік адно ачко, у той час як тыя, каго перамаглі, папаўнялі заліковую скарбонку сваёй каманды двума ачкамі. Урэшце пераможцаў выяўлялі па найменшай суме балаў. Ва ўсіх відах сапернікі спаборнічалі да дзвюх перамог.
Найбольш паспяхова ў гэты дзень выступілі Юрый Юніцкі ў шашках і Ірына Купрэй у дартсе. Мінімальна саступілі Галіна Клапаць у шашках і Уладзімір Літош за шахматнай дошкай – толькі ў трэцяй вырашальнай партыі сапернікі былі крыху мацнейшымі.


Пасля завяршэння спартыўнай часткі спаборніцтваў адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне прызёраў таварыскай сустрэчы. Старшыня пярвічнай арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Жыткавіцкага раёна” Уладзімір Саўчыц уручыў нашай зборнай камандзе суцяшальны прыз.
Пасля нашы спартсмены наведалі басейн у мікрараёне Азёрны, адчуўшы цудоўныя эмоцыі і атрымаўшы зарад бадзёрасці. Фінальнай часткай сустрэчы стала арганізацыя “круглага стала” сярод удзельнікаў мерапрыемства.
Пакідалі Жыткавічы мы ў добрым настроі. Паміж нашымі дэлегацыямі была дасягнута дамоўленасць пра працяг такіх спартыўных сустрэч у яшчэ больш пашыраным саставе.
Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.
Оставить комментарий