У красавіку на базе фізкультурна-аздараўленчай залы прайшлі спаборніцтвы 8-ай раённай спартакіяды ветэранаў працы, фізічнай культуры і спорту. У спаборніцтвах сярод людзей самага паважанага ўзросту прынялі ўдзел больш за 20 чалавек. Перад удзельнікамі выступіў намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Мікалай Жукоўскі, старшыня грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” Аляксей Каюкала. Пасля ўрачыстага адкрыцця быў да-дзены старт спартакіядзе па пяці відах спорту. У якасці галоўнага суддзі выступіў Жан Дубіна.
Кожны ўдзельнік меў права выступіць толькі ў двух відах праграмы. Варта заўважыць, што многія ўдзельнікі паказвалі добрыя ўменні ў кожным відзе спорту.
Прыемна адзначыць, што ўдзельнікі спаборніцтваў, узросту 60-ці і больш гадоў не страцілі сваё майстэрства і гэта радуе. Бо для падтрымання высокага спартыўнага ўзроўню неабходна займацца сістэматычна. Гэтымі якасцямі і адрозніваюцца нашы ўдзельнікі – ветэраны спартыўнай галіны. Дастаткова сказаць, што самы старэйшы ўдзельнік спаборніцтваў Іван Грыб стаіць на парозе свайго 80-годдзя.
Пасля 4-х гадзіннай барацьбы падведзены вынікі. У інтэлектуальных відах прызёрамі сталі: у шахматах сярод мужчын 1-е месца – Уладзімір Літош, 2-е – Сяргей Шпак, 3-е – Леанід Корж. Сярод жанчын: першае і другое месцы раздзялілі Раіса Будзіловіч і Святлана Андрук. У шашках сярод мужчын лідарам стаў Юрый Юніцкій, 2-е месца – Уладзімір Міцкевіч і 3-е ў Сяргея Шпака. Сярод жанчын – найлепшай была Галіна Клапаць, 2-е і 3-е прызавыя месцы занялі Ірына Купрэй і Таццяна Антанішына.
У самым масавым відзе спорту ў дартсе ў мужчын першы вынік у Мікалая Антанішына – 191 ачко.
Сярод жанчын-снайпераў лепшай была Раіса Будзіловіч, усяго толькі на тры ачкі менш выбіла Таццяна Антанішына і 3-ім прызёрам стала Ірына Купрэй. У спецыялістаў тэніснай ракеткі ў жанчын упэўненую перамогу атрымала Галіна Клапаць, 2-ім прызёрам стала Кацярына Хамец і 3-е месца – Святлана Андрук. У мужчын барацьба была больш напружаная: перамогу атрымаў Васіль Пінчук, 2-е месца ў Сяргея Карасевіча і 3-е месца ў Сяргея Каржа. У майстроў більярда ў фінал выйшлі Уладзімір Кудравец і Віктар Іваноў. Тут ва ўпартай барацьбе з лікам 8:7 перамог Уладзімір Кудравец. За 3-е прызавое месца змагаліся Уладзімір Літош і Юрый Юніцкі. Рахунак гэтага малога фіналу 8:6, што таксама гаворыць пра высокую канкурэнцыю яго ўдзельнікаў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ўсім прызёрам былі ўручаны дыпломы ад сектара спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама, а пераможцам у кожнай намінацыі сярод мужчын і жанчын – каштоўныя прызы ад першаснай арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”.
Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджання практычна ўсе ўдзельнікі наведалі першы футбольны матч нашай зборнай, якая паспяхова дэбютавала ў рамках Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе ў другой лізе. У завяршэнні хочацца па-дзякаваць Юрыю Грэнку і Жану Дубіну за аказаную дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў.
Аляксей Каюкала,
старшыня грамадскага аб’яднання
“Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”.
Оставить комментарий