Напярэдадні свята апошняга званка карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” наведаліся ў Макарыцкую базавую школу, каб сустрэцца з дзевяцікласнікамі і пагаварыць з юнакамі і дзяўчатамі і з тымі, хто ўвесь гэты час быў з імі побач.
Анастасія Штыкава (на фота першая злева), выпускніца Макарыцкай базавай школы:
– Здаецца, яшчэ ўчора звінеў наш першы школьны званок і нас сустракала наш першы настаўнік Галіна Пятроўна Фёдарава. А сёння мы ўжо выпускнікі другой ступені навучання. Вельмі сумна і хвалююча развітвацца з такім перыядам жыцця. У нашай роднай школе выдатныя настаўнікі, кожны з якіх заслугоўвае павагі і ўдзячнасці за веды і дабрыню. Асаблівую ўвагу хацелася б надаць нашаму класнаму кіраўніку, настаўніку матэматыкі і інфарматыкі Ірыне Уладзіміраўне Жогаль, якая займае асаблівае месца ў нашым сэрцы. З яе дапамогай мы змаглі зразумець, што вучоба можа быць цікавым заняткам. Яе ўрокі – гэта сапраўдная крыніца ведаў і натхнення. Мы разам смяяліся, перажывалі і падтрымлівалі адзін аднаго. Ніколі не забудзем сумесныя пікнікі на прыродзе. Вельмі сумна развітвацца з роднай школай, роднай вёскай. Настаўнікі ставіліся да нас з любоўю і цяплом. Гатовы былі зразумець, падтрымаць. Так як нас у класе ўсяго трое, мы адказвалі на кожным уроку, лічу гэта вялізным плюсам. Педагогі заўсёды тлумачылі матэрыял так, што нават самыя складаныя тэмы станавіліся зразумелымі. У школе мы атрымалі не толькі клопат, веды, падтрымку, мы атрымалі самае важнае – сяброўства. Я, Паліна і Саша пасля дзевятага класа рыхтуемся да паступлення у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Я мару стаць фінансістам, Паліна – будучы настаўнік пачатковых класаў, а наш Сашка – марыць стаць лесніком, егерам. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца! Нашым дарагім настаўнікам ад імя 9 класа хачу сказаць вялікі дзякуй за ўсё! Мы будзем памятаць вас заўсёды і спадзяемся, што зможам апраўдаць вашыя чаканні ў будучыні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй дырэктару нашай школы Алене Іванаўне Вяргей. Ваша мудрасць і цярпенне зрабілі наша школьнае жыццё яркім і насычаным. Дзякуем Вам за добрасумленную працу, прафесіяналізм, цярпенне і клопат пра нас.
Алена Рыгораўна Налецька, маці выпускніка Макарыцкай базавай школы.
– Вельмі хвалююча. Здавалася, зусім нядаўна на гэтым месцы стаялі мы – бацькі. Але сёння мой сын – выпускнік 9 класа. Не верыцца, што так хутка праляцеў гэты час. І вось сёння для нашых дзяцей празвініць іх апошні школьны званок. У гэты асаблівы момант, ад імя ўсіх бацькоў я хачу выказаць сваю шчырую падзяку. Вялікі дзякуй школе за шчаслівыя ўсмешкі нашых дзяцей, за цеплыню і клопат, за лепшыя традыцыі адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Дзякуй за той цёплы след, які Макарыцкая базавая школа пакінула ў нашых сэрцах і сэрцах нашых дзяцей. Творчага даўгалецця, дарагія нашы настаўнікі!
Поспехаў і працвітання, любімая школа!
Оставить комментарий