Ёсць у школьным жыцці асаблівыя святы, якія пакідаюць добрую памяць, колькі б гадоў ні было вучню. Гэта святы першага і апошняга званка. І калі першы званок поўніцца радасцю сустрэчы, то ў апошнім адчуваюцца ноткі суму, у першую чаргу, для выпускнікоў…
Напярэдадні падзеі карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” наведаліся ў Колкаўскую базавую школу, каб сустрэцца з дзевяцікласнікамі і пагаварыць з юнакамі і дзяўчатамі і з тымі, хто ўвесь гэты час быў з імі побач.
Сяргей ЯРОТА, дырэктар Колкаўскай базавай школы:
– Сёння празвінеў апошні званок для дзвюх дзяўчат і чатырох юнакоў нашай школы. Для іх і настаўнікаў гэта знакавая і радасная падзея. Так як наша ўстанова – базавая, выпускнікі выбіраюць свой далейшы лёс: атрымаць сярэднюю адукацыю на базе другіх школ, ці пайсці вучыцца у сярэднія спецыяльныя, прафесійна-тэхнічныя ўстановы. Любы іх выбар мы паважаем і падтрымліваем.
Сёлетнія выпускнікі – надзвычай актыўныя і ветлівыя маладыя людзі. Усе яны ўжо вызначыліся з далейшымі планамі, і я ад усяго калектыву жадаю ім здзяйснення задуманага. Шмат зроблена за гады вучобы педагогамі школы, якія ўвесь гэты час рыхтавалі маладых землякоў да дарослага жыцця. Установа выканала сваю місію: дала веды, навучыла думаць, развіваць свае творчыя здольнасці, арыентавацца ў грамадстве і ў выбары жыццёвых каштоўнасцей. І зараз ужо ад іх залежыць будучыня нашага раёна, краіны.
Нашы выпускнікі ведаюць: дзверы школы для іх гасцінна адчынены. Тут ім увесь час рады і чакаюць.
Людміла Міхайлаўна КІСЕЛЬ, класны кіраўнік 9-га класа Колкаўскай базавай школы:
– Апошні званок – асаблівае свята для любога класнага кіраўніка, у ім пераплятаюцца і лёгкі сум, і ўрачыстасць. З сёлетнімі выпускнікамі мы ідзём поруч з 5-га класа. Яны для мяне блізкія і любімыя людзі. Можа вы не паверыце, аднак за ўсе годы навучання вучні ні разу не паканфліктавалі паміж сабою. Добрыя, спакойныя і чулыя, заўсёды ішлі на любыя прапановы, падтрымлівалі ініцыятывы. Жылі радасна і цікава адной школьнай сям’ёй, падтрымлівалі адзін-аднаго. Кожны з іх – асоба, са сваімі рысамі характару, кожны ў чымсьці больш адметны: Дзіяна – самастойная, Люба – добрасумленная, Ілья – тактычны, Ігар – адказны, Максім Мышкавец – абавязковы, Максім Атаманскі – шчыры. І ў кожнага з іх усе гэтыя якасці характару таксама прысутнічаюць. Кожны з іх у маіх думках і сэрцы. Спадарожнаму ветру па жыцці, мае дарагія!
У гэты дзень я жадаю ўсім выпускнікам Петрыкаўшчыны знайсці свой прафесійны шлях у жыцці, у далейшым стварыць моцныя сем’і, таму што гэта, я ўпэўнена, галоўная апора і падтрымка для кожнага чалавека! Вядома, я жадаю юнакам і дзяўчатам і іх родным здароўя! Заўсёды памятайце, што вы ўнікальныя, таленавітыя, вясёлыя, добрыя, адкрытыя, годныя людзі! Будзьце ўпэўненыя ў сабе! Дамагайцеся ў будучыні тых мэт, якія паставілі перад сабой! І тады вы будзеце па-сапраўднаму шчаслівы!
Оставить комментарий