Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” наведалі пляж каля вёскі Макарычы, які адкрыўся ў бягучым купальным сезоне.

Сонца, вада і добры настрой.

Удзельнічаць у рэйдах па вадаёмах са структурамі прафілактыкі – практыка для супрацоўнікаў рэдакцыі не новая. Але апошняе наведванне зоны адпачынку на Прыпяці выклікала зацікаўленасць. Маршрут супрацоўнікамі таварыства выратавання на водах быў выбудаваны на пляж, які запрасіў да сябе прыхільнікаў вады і сонца гэтым летам.

– Пляж у Макарычах – самы шматлюдны з чатырох месцаў, дазволеных для купання ў раёне. Наведваюць яго жыхары сельскіх населеных пунктаў, госці раёна,  ды і для многіх жыхароў Петрыкава прыйшоўся даспадобы гэты ўчастак на рэчцы, –  дзеліцца ў час паездкі начальнік Петрыкаўскай  выратавальнай станцыі Алег Паўлючок.

Адкрыццё яшчэ аднаго пляжу на Петрыкаўшчыне – праца не аднаго дня мясцовай улады, раённых службаў. Просьба аб адкрыцці месца для адпачынку ў жывапісным кутку, дзе побач знахо-дзяцца прылягаючыя вёскі з дачнікамі і людзьмі, якія прыехалі адпачыць, а летам з’язджаецца дзятва, – паступіла ад насельніцтва ў раённы выканаўчы камітэт яшчэ ў мінулым годзе. Пытанне было ўзята на асабісты кантроль старшынёй райвыканкама. Пасля вадалазнага даследавання ўчастка, вывучэння сітуацыі спецыялістамі санітарнай службы, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Гомельскім аблвыканкамам быў дадзены дазвол на адкрыццё аб’екта. Пачалася праца па добраўпарадкаванні: чысткай і паглыбленнем дна ракі пры дапамозе земснарада займалася рачная служба, добраўпарадкаваннем тэрыторыі –  Петрыкаўскі райжылкамгас.

– На дадзены аб’ект на купальны сезон  Гомельскай арганізацыяй таварыства выратавання на водах былі адкрыты пяць працоўных месцаў матросаў-выратавальнікаў, – працягвае Алег Анатольевіч. – Людзі працуюць па графіку з раніцы да вечара. Практыка паказала, што гэта самы складаны пляж у раёне з пункту гледжання дзяжурства: ён займае тэрыторыю крыху больш за 150 метраў, і звычайна прысутныя “расцягваюцца” па ўсёй тэрыторыі.

Макарыцкі пляж сустрэў нас вялікай колькасцю наведвальнікаў, празрыстай вадой і чыстым пяском. У зоне адпачынку ёсць месца для пераапранання, навес ад сонца, абгароджаная зона для купання дзятвы, усталяваны санітарны аб’ект і сметніцы, а таксама і ўказальныя знакі. Можа, на маю думку, і малавата інтэр’еру, але ўлічваючы, што аб’ект працуе першы год, то цалкам прымальна. У час прафілактычнай работы членаў рэйду з насельніцтвам мы мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прысутнымі. Акрамя землякоў, нам сустрэліся сем’і з Гомеля, Рэчыцы і нават Санкт-Пецярбургу. Усе яны прыехалі на Петрыкаўшчыну ў госці да сваякоў і скарысталіся магчымасцю адпачыць на новым пляжы. Першае, на што звяртаюць увагу адпачываючыя, – гэта прыгажосць і жывапіснасць месца, “спакойную” рэчку і магчымасць размясціцца адасоблена ад дзяцей і шумных кампаній. Бацькі адзначалі, што да дзяцей на пляжы накіравана ўвага не толькі дарослых, а і выратавальнікаў, што робіць адпачынак бяспечным. Знайшліся і такія, хто адзначыў зручнае месцазнаходжанне аб’екта: побач зялёныя насаджэнні, дзе можна арганізаваць “прывал”, у даступнасці аб’ект гандлю, дзе ёсць заўсёды халодныя напоі і прысмакі. Што прыемна, новы пляж выкарыстоўваецца і ў навучальных мэтах. Педагогі Бабуніцкай сярэдняй школы арганізавалі прыезд вучняў, каб навучыць навыкам паводзін на вадзе. У той дзень парушэнняў з боку адпачавальнікаў не было выяўлена, што не магло не радаваць спецыялістаў.

Купальны сезон працягваецца. Я ўпэўнена, што новы аб’ект прынясе яшчэ многа пазітыўных летніх эмоцый жыхарам і гасцям Петрыкаўшчыны. Як гавораць: лавіце момант!

   Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о