Соль зямлі палескай – людзі

0
396

Соль зямлі палескай –  людзі

Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам рудніка Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Міхаілам Міхнаўцом і планавалі пагутарыць пра будні шахцёраў. Але размова атрымалася больш глыбокай, і Міхаіл Іванавіч расказаў, якія выгоды для вытворчасці мае для калектыву жыццё ў правінцыяльным гарадку і як нечакана хутка палешукі авалодваюць гэтай прафесіяй.

– Сам я родам з Салігорску. Калі заканчваў школу, меў намер звязаць жыццё з сельскагаспадарчай галіной, на што паўплываў у значнай ступені мой дзядуля, які быў у свой час старшынёй калгаса. Але бацька, які адпрацаваў транспартнікам у “Беларуськаліі” і падраднай арганізацыі “Шахтаспецбуд”, пераканаў мяне звярнуць увагу менавіта на горназдабываючую прафесію. Так, замест паступлення ў БНТУ я падаў дакументы ў тэхнікум, зараз – Салігорскі горна-хімічны каледж. З 2002 года працую на “Беларуськаліі”.

Работу, так бы мовіць, пачынаў з першай прыступкі кар’ернай лесвіцы, прайшоўшы працоўны шлях да начальніка ўчастку. Паралельна атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці горны інжынер у Маскоўскім дзяржаўным адкрытым універсітэце. У 2020 годзе перабраўся ў Петрыкаў і праз два гады ўзначаліў петрыкаўскі руднік, – згадаў вехі сваёй біяграфіі Міхаіл Міхнавец.

Вядома, мы не маглі не пацікавіцца, якія першыя ўражанні пакінуў Петрыкаў, пасля пераезду з Салігорску, на што суразмоўца адказаў, што ў сваім 41-гадовым узросце, ён знайшоў у палескім райцэнтры ўсё, што патрэбна для жыцця. “Пабудаваны дзіцячы садок, абноўленыя дарогі, ёсць патрэбныя крамы, спартыўная зала, сучасны стадыён і, вядома, шыкоўная прырода. Таму ў планах перавесці сюды сям’ю, якая пакуль жыве ў Салігорску. Мой старэйшы сын, які зараз служыць у арміі, наведваўся сюды, паглядзеў на Петрыкаў і адзначыў, што застанецца тут працаваць. Ведаеце, многія мае калегі лічаць лепшым варыянтам для дзяцей навучацца і застацца ў сталіцы, я ж лічу, што добрую адукацыю можна атрымаць і ў Гомелі, і ў Мазыры, галоўнае – памкненне. Таму і ляжыць мая душа больш да ціхага, павольнага Палесся”.

Што тычыцца работы, то тут мужчына адзначае: працаўнікі рудніка як раз і займаюцца той справай, якую ўяўляюць сабе людзі, пачуўшы слова шахцёр. З той толькі розніцай, што кірка і мяхі з рудою даўно сышлі ў нябыт, – зараз праца глыбока аўтаматызаваная. “Наша задача адбіць, даставіць канвеерным спосабам руду да месца пад’ёму, падняць яе на паверхню, перадрабніць і накіраваць на фабрыку ў працэс вытворчасці гатовых калійных угнаенняў. За суткі мы аддаем на перапрацоўку каля 18-20 тысяч тон руды”, – адзначыў начальнік рудніка.

Вядома, што авалодаць усімі асаблівасцямі такой складанай энерганасычанай вытворчасці з маладым калектывам здавалася задачай няпростай, – прыкладна 70 % работнікаў рудніка не маюць адпаведнага 5-гадовага стажу працы ў гэтай галіне. Але тут нечакана станоўча адыгралі іншыя, непрыкметныя з першага погляду акалічнасці. “Па-першае, прыкладна 60 % нашых хлопцаў – ураджэнцы Петрыкаўшчыны ці суседніх рэгіёнаў і гэта дадатковы фактар згуртаванасці калектыву. Не трэба забываць пра матывацыю, у першую чаргу матэрыяльную, – гэта і высокія заробкі, і адчувальны сацыяльны пакет. Таксама трэба разумець, што ў больш вялікім населеным пункце мы б адзін да аднаго адносіліся выключна як да калег. Тут жа мы яшчэ і суседзі, бо жывем у адным мікрараёне. Як то кажуць, усе на вачах. Трэба дадаць яшчэ адзін аб’ядноўваючы фактар – спорт. Усе нашыя шахцёры павінны мець моцнае здароўе, таму многія прытрымліваюцца актыўнага ладу жыцця. На спартыўнай пляцоўцы мы яшчэ і таварышы па каман-дзе, і ўсё гэта істотным чынам аб’ядноўвае нас і на вытворчасці.

Са свайго вопыту магу сказаць, што каб дасканала, ва ўсіх нюансах авалодаць справай гарняка, спецыялісту патрэбна да 5-ці, а то і да 10-ці гадоў. Але наш калектыў з пераважна мясцовых хлопцаў спраўляецца з вытворчай навукай падземнай здабычы заўважна хутчэй”, – рэзюмаваў Міхаіл Іванавіч.

Напрыканцы нашай гутаркі мужчына па-шахцёрску пажадаў калегам, каб колькасць спускаў заўсёды была роўная колькасці пад’ёмаў, а таксама цеплыні і дабрабыту ў шахцёрскіх сем’ях, здароўя і поспехаў.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о