Жніво – ва ўсіх сэнсах пара гарачая: клопатаў у аграрыяў цяпер шмат, таму кожная хвіліна ў іх на ўліку. Але, як кажуць, праца працай, а абед па раскладзе. Сытнае, смачнае харчаванне і сілы надае, і настрой паляпшае, а разам з ім і прадукцыйнасць працы.
Абед і вячэра з дастаўкай на працоўнае месца для аграрыяў – гэта не капрыз, а неабходнасць, упэўнены дырэктар БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” Сяргей Ракіцкі. Як арганізавана ў гаспадарцы харчаванне механізатараў у перыяд жніва – вывучала наш карэспандэнт.

Жніво, без перабольшання – адзін з самых напружаных перыядаў у сельскай гаспадарцы. Таму ў гэтыя дні асаблівае значэнне набывае стварэнне камфортных умоў працы хлебаробаў, а адным з ключавых фактараў становіцца якасная арганізацыя гарачага харчавання для механізатараў і вадзіцеляў, лічыць прафсаюзны лідар галіны Алена Галеня.
Забягаючы наперад зазначу, што нікога пра візіт загаддзя не папярэджвалі, каб на месцы ўбачыць усе нюансы “хлебнай кухні”, а таксама з першых вуснаў даведацца, ці смачна есці ў полі.
– Важна, каб рацыён быў збалансаваным і ўключаў разнастайныя стравы. А яшчэ, каб у кожную кропку, дзе шчыруюць хлебаробы, абед давозілі патрэбнай тэмпературы, а не халодны, – напачатку паездкі патлумачыла нюансы маніторынгу прафсаюзны лідар.
Прыемна, што гэтую ісціну добра разумеюць тыя, хто забяспечвае камбайнерам надзейны тыл – работнікі сталовай. Менавіта са сталовай сельгаспрадпрыемства і пачалося вывучэнне пытання арганізацыі гарачага харчавання ў час жніва.
Наведваючы аб’ект, для сябе адзначыла парадак на кухні, яе ўкамплектаванасць неабходным тэхналагічным абсталяваннем.


– Харчаванне механізатараў – неад’емная частка поспеху ўборачнай кампаніі, – лічаць повар Надзея Верталь (на фота) і дадае: – Меню прадумваю сама, улічваю пажаданні механізатараў і тое, што праца ў іх фізічна цяжкая, таму ўсё павінна быць сытна, збалансавана, смачна, як дома. Нам важна, каб у іх быў добры настрой і сілы для складанай і якаснай працы.
Па словах суразмоўцы, работнікі сталовай стараюцца разнастаіць меню – адны і тыя ж стравы на працягу тыдня ў комплексных абедах не паўтараюцца. Так, на першае рыхтуюць боршч, расольнік, суп гарохавы, суп грыбны, суп бульбяны з макароннымі вырабамі, на другое – каўбасу хатнюю смажаную, куру смажаную, шніцаль з ялавічыны, гуляш, катлеты, тэфтэлі, ляныя галубцы. На гарнір – рысавую, грачаную і пярловую кашы, бульбяное пюрэ, бульбу і капусту тушаную. Пагадзіцеся, не так шмат знойдзецца гаспадынь, якія дома на працягу тыдня рыхтуюць сем першых страў. Ды і другія стравы ў большасці сем’яў наўрад ці бываюць настолькі разнастайнымі.
Як ганарацца аграрыі вырашчаным і сабраным на палях ураджаем, надоеным малаком, так і работнікі сталовай ганарацца тым, што могуць смачна і сытна накарміць працаўнікоў палёў, радуюцца свайму маленькаму ўкладу ў агульную вялікую справу.
Пасля размовы з поварам пераканалася, што мясцовыя гаспадыні гатуюць з любоўю, ад душы, смачна і сытна.


Гэта пацвердзілі і механізатары, да якіх у хуткім часе з гарачым абедам мы і накіраваліся.
Ужо гатовую ежу са сталовай раздатчыца гаспадаркі з кіроўцам дастаўляюць механізатарам прама на поле. Адмысловыя тэрмасы-кантэйнеры з нержавеючай сталі для першых і другіх страў дапамагаюць захаваць іх тэмпературу, смак і пажыўныя ўласцівасці.
Землі БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” размешчаны на вялікай плошчы. Так, у панядзелак камбайны гаспадаркі прыбіралі пшаніцу на палетках паблізу Залесся. На 30-гектарнай плошчы тут працавала звяно з трох камбайнаў, сабраны ўраджай на зернесушыльны комплекс адвозілі тры аўтамабілі МАЗ.


– Камбайнеры абавязкова выкройваюць хвілінку для прыёма ежы, але так, каб пры гэтым не страціць каштоўны працоўны час, які ва ўмовах сёлетняга нестабільнага надвор’я, без перабольшання, на вагу золата, – удакладняе кіраўнік гаспадаркі Сяргей Ракіцкі. – Рыхтуюць дзяўчаты смачна. А плацяць нашы механізатары і іншыя працаўнікі прадпрыемства за абед, згодна калектыўнага дагавора, усяго 30 працэнтаў ад яго кошту. Механізатараў, якія працуюць у полі, мы таксама забяспечваем вячэрай. Праўда, не гарачай. Звычайна гэта прамысловай вытворчасці тушонка, хлеб і здоба ўласнай вытворчасці і, вядома ж, пітная вада.
Па хуткасці паядання абедаў, станоўчых водгуках аб гарачым харчаванні ў полі, задаволеным тварам механізатараў і ў выніку па пустых талерках стала зразумела, што абеды ўпадабаліся.
Добра падсілкаваўшыся і крыху адпачыўшы, механізатары паспяшаліся за штурвалы сваёй тэхнікі – наперадзе яшчэ шмат працы.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о