Дата 28 мая 1918 года стала пунктам адліку ў гісторыі пагранвойскаў. У 1995 годзе гэта свята было ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Беларусі, каб адзначыць гістарычныя заслугі абаронцаў дзяржаўных рубяжоў перад народам і дзяржавай.
Служыць у органах пагранічнай службы Беларусі сёння імкнуцца многія юнакі, бо кожны ведае: ахову дзяржаўных рубяжоў давяраюць лепшым з лепшых. Выпрабаваць на сабе асаблівасці службы на мяжы пашчасціла і нашаму маладому земляку з Капцэвічаў Дзмітрыю Несцеру. Як і для былых таварышаў па службе, для яфрэйтара Дзмітрыя – гэта свята мужнасці, абавязку і гонару, бо абарона межаў нашай Радзімы – справа сапраўдных мужчын! У гэтым вайсковец пераканаўся падчас службы.
1 лістапада 2023 года Дзмітрый прысягнуў на вернасць Радзіме і адправіўся служыць у вайсковую часць 2187 горада Брэста.
– Я заўсёды ведаў, што пайду ў войска, – расказвае Дзмітрый.– Мой дзед служыў, бацька таксама. Адзываліся яны аб войску станоўча. Стан здароўя, прафадбор, тэсты на стрэсаўстойлівасць і многае іншае – і вось маё жаданне спраўдзілася. Пашанцавала і з месцам службы.
Дзмітрый прызнаецца, што хацеў пайсці менавіта ў пагранічнікі – элітныя войскі, якія годна выконваюць задачы, якія стаяць перад імі. Так і атрымалася, служба праходзіла ў спецыяльным падраздзяленні – Манеўраная група (група хуткага рэагавання).
Як кожны салдат-пагранічнік, ён разумеў ускладзеную на яго адказнасць, усведамляў, што нясе абавязацельствы не толькі за сябе, але і за таварышаў, што можа разлічваць на падтрымку вопытных афіцэраў. Бо яны ўсе –як адна сям’я, дзе кожны любіць агульную справу і аддаецца ёй цалкам.
– Вядома, прыйшлося да многага прывыкнуць: у пагранічнікаў асаблівы распарадак. Служба разнастайная і незвычайная – не бывала аднолькавых дзён, – распавядае суразмоўца.
На пытанне ці змяніла яго армія і як Дзмітрый адказаў так:
–У першую чаргу служба дысцыплінуе. – Вучыць спраўляцца з рознымі цяжкасцямі, з якімі, магчыма, не сутыкнуўся б у грамадзянскім жыцці. Больш адказным становішся, вытрыманым, разважлівым, вучышся быць гатовым да любых сітуацый, падыходзіць да справы з халоднай галавой, хутка і правільна прымаць рашэнні. Ды і гэта проста цікава – несці службу у спецыяльных войсках. Вельмі ганаруся, што набыў навыкі па абароне роднай краіны. Там я знайшоў сяброў. Служба ў пагранічнікаў нялёгкая, але яна дала мне магчымасць выхаваць сілу волі і загартаваць характар.
Набыты ў войску вопыт Дзмітрый плануе выкарыстаць і “на гражданцы” – збіраецца папоўніць шэрагі выратавальнікаў.
Карыстаючыся выпадкам, Дзмітрый павіншаваў ўсіх цяперашніх і будучых ваеннаслужачых органаў пагранічнай службы з прафесійным святам! Пажадаў усім моцнага здароўя, матэрыяльнага дастатку, мірнага неба і спакою на ахоўных рубяжах.
Марыя ТАМКО, фота
з архіва героя.
Оставить комментарий