І словам, і справай

0
763

16 мая Петрыкаўшчыну з рабочым візітам наведаў губернатар вобласці Іван Крупко. Графік старшыні аблвыканкама быў даволі насычаны: прамая тэлефонная лінія, прыём грамадзян, наведванне аб’ектаў сацыяльнай сферы і аграпрамысловага комплексу, сустрэча з працоўным калек-тывам вядучага сельгаспрадпрыемства раёна, ускладанне кветак да мемарыялу воінам-вызваліцелям.

“Я слухаю Вас…”
Работа ў раёне пачалася з правядзення прамой тэлефоннай лініі, на якую да старшыні аблвыканкама патэлефанаваў жыхар вёскі Муляраўка. Мужчына ўзняў хвалюючае аўтааматараў Петрыкаўшчыны пытанне: плануецца закрыццё дыягнастычнай станцыі, якая працуе ў раёне больш за 10 гадоў.
Па інфармацыі старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана, кіраўніцтва Белдзяржтэхагляду праінфармавала аб плануемым у лістападзе бягучага года закрыцці станцыі. Кіраўнік раёна выказаў зацікаўленасць у функцыянаванні аб’екта: станцыя тэхагляду ў раёне адзіная і вельмі важна як для ўладальнікаў прыватнага транспарту, так і для арганізацый і прадпрыемстваў раёна мець магчымасць прайсці тэхагляд на месцы. Такая дамоўленасць на сённяшні дзень пакуль адсутнічае.
Па меркаванні старшыні абл-выканкама, пры нежаданні “Белдзяржтэхагляду” працаваць у раёне, варта разгледзець варыянт адкрыцця станцыі на базе іншага прадпрыемства.
“Мы гатовыя разгледзець магчымасць рэалізацыі інвестпраекту гэта будзе добры выхад з сітуацыі. Раён не павінен заставацца без станцыі. У Калінкавічы і Жыткавічы адназначна ездзіць не будзеце”, – запэўніў мужчыну Іван Іванавіч.
Яшчэ адзін тэлефонны званок паступіў ад пенсіянеркі з рай-цэнтра. Жанчына дзякавала кіраўніцтву вобласці за дапамогу ў адкрыцці кабінета камп’ютарнай тамаграфіі.
“Дзякуй за адкрыццё кабінета КТ. Вельмі зручна, што зараз мы можам прайсці абследаванне ў сваім райцэнтры”.
Губернатар адказаў, што апарат КТ з’явіўся дзякуючы сумеснай рабоце выканаўчай улады, Петрыкаўскага ГАКа і сістэмы аховы здароўя.
Што да прыёму, да старшыні аблвыканкама запісаліся заяўнікі з усёй вобласці. Былі сярод іх і нашыя землякі. Адна з іх – жыхарка Капаткевічаў, якая завітала з шэрагам пытанняў, большасць з якіх – зона ад-казнасці камунальнікаў.
Ачысціць каналы па вуліцы Меліярацыйнай, зрабіць рамонт дзіцячай пляцоўкі, ажыццявіць па-кос травы на мясцовых могілках – няпоўны спіс заўваг маладой маці.
Па ўсіх акрэсленых тэмах, як пазначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, работы ў гарпасёлку вядуцца.
“Цяпер праводзіцца маштабнае добраўпарадкаванне населенага пункта: укладваецца асфальт, абнаўляецца асвятленне, усталёўваецца агароджа. Што да хвалюючых вас каналаў, то ў працэсе рэканструкцыі Капаткевічаў будуць ачышчаны ўсе меліярацыйныя каналы”, – запэўніў заяўніцу губернатар.
На прыём грамадзяне звярнуліся таксама з пытаннямі вырашэння зямельнай спрэчкі паміж суседзямі, працаўладкавання, захавання станцыі тэхагляду ў райцэнтры.
Усе звароты ўзяты на кантроль.

Патэнцыял і перспектывы райцэнтра
Аб’екты сацыяльнай сферы не засталіся без увагі кіраўніка рэгіёна.
Каб раён развіваўся і меў перспектыву, упэўнены губернатар, разам з прывабнымі ўмовамі працы і пражывання, заробкам павінны быць створаны ўмовы для сучаснага медыцынскага абслугоўвання, а таксама культурнага і актыўнага адпачынку.
– Петрыкаў у гэтым сэнсе мае нядрэнную базу. Не так даўно адкрыты КТ – добрая перспектыва для развіцця раённай бальніцы, – адзначыў Іван Крупко.
Што да спартыўнай галіны, то яна прадстаўлена ў райцэнтры сучасным фізкультурна-аздараўленчым комплексам “Прыпяць”. Цікавіўся губернатар загрузкай аб’екта, гульнявымі відамі спорту, якія развіваюцца на Петрыкаўшчыне, планамі і перспектывамі.
Захаваць краіну адзінай
У межах адзінага дня інфармавання губернатар сустрэўся з калектывам СУП “Палессе-Аграінвест”.
На сустрэчы размова ішла пра ролю і месца УНС у жыцці дзяржавы, абстаноўку вакол краіны і асноўныя тэзісы паслання Аляксандра Лукашэнкі да парламента і беларускага народа.
Дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вобласці і раёна, планы на бягучы год і перспектыву – тэмы, якія актыўна абмяркоўваліся ў час сустрэчы.
“Усебеларускі народны сход – гэта інстытут, закліканы быць гарантам стабільнасці краіны. Надыходзіць час моцных духам людзей. Толькі мы ведаем, як павінна развівацца наша краіна і ўсе мы ў адказе за яе будучыню. Агульная задача – захаваць згоду і адзінства ў роднай Беларусі”, – пазначыў Іван Крупко.
Традыцыйна падчас сустрэчы з калектывам губернатар адказаў на пытанні. Сярод агучаных пытанняў – паляпшэнне якасці пітной вады, сітуацыя на мяжы і ўвод новых сацаб’ектаў.
Па словах губернатара, у гэтым годзе на Гомельшчыне будуць уведзены ў эксплуатацыю 42 станцыі абезжалезвання, 3 з іх – у Петрыкаўскім раёне. Адкрыюцца яны ў Муляраўцы, Слабадзе і Курыцічах.
Што тычыцца абстаноўкі на мяжы, то яна стабільная.
– Абстаноўка ў нашых прыгранічных раёнах напружаная, але яна знаходзіцца на пастаянным кантролі сілавога блока і выканаўчай улады. Аднак, як гаворыць Прэзідэнт, наша задача – самааддана працаваць на сваіх месцах, каб не давялося сядзець у акопах, – падкрэсліў Іван Крупко.
Што да ўводу новых сацыяльных аб’ектаў, то працэс гэты не спыняецца. Так, у перспектыве ў Петрыкаве з’явіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Ёсць стратэгія развіцця – вынік будзе
Як арганізавана работа на вядучым сельгаспрадпрыемстве раёна “Палессе-Аграінвест” – знаёміўся Іван Крупко на ферме “Турок”.
Спецыялісты распавялі губернатару пра сістэму працы сельгаспрадпрыемства па такім стратэгічным пытанні як узнаўленне статку: тут абнасеньваюць кароў, гадуюць бычкоў і цялушак для наступнай перадачы іх на іншыя фермы гаспадаркі. У “Турку” змяшчаецца 1412 галоў. Сярэдняе прыбаўленне ў вазе адной – каля 900 грамаў на суткі.
Іван Крупко пагутарыў з работнікамі, сярод якіх былі і маладыя спецыялісты, пацікавіўся да ўсяго іншага заробкам, умовамі працы, планамі па замацаванні.
Кіраўнік рэгіёну высока ацаніў якасць утрымання жывёлы на ферме і падыходы кіраўніцтва да арганізацыі работы.

Памяць – гарант міру і спакою
У год 80-годдзя вызвалення Гомельшчыны, нават пры шчыльным графіку, губернатар вобласці не мог не аддаць даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны.
Да мемарыялу воінам-вызваліцелям старшыня аблвыканкама і кіраўнік раёна ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць і подзвіг загінулых хвілінай маўчання.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о