Славім хлебаробаў, зямлю, збажыну

0
255

На мінулым тыдні на палях ААТ “Чалюшчавічы” каля вёскі Залессе ў чарговы раз віншавалі хлебаробаў-тысячнікаў.

ААТ “Чалюшчавічы” дэманструе лідзіруючыя пазіцыі ва ўборачнай кампаніі і ўносіць важкі ўклад у каравай Петрыкаўшчыны 2024 года.
Павіншаваць хлебаробаў на ніву прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько, якая знаходзілася з рабочым візітам на Петрыкаўшчыне, намеснік дырэктара Петрыкаўскага РУ Аляксандр Пінчук, першы намеснік старшыні райвыканкама Алег Козінец, дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Ракіцкі, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Алена Галеня.
У той дзень пераадолелі тысячную мяжу намалоту збожжа сямейны экіпаж Руслана Качэлі і Валянціны Зубар, механізатар Мікалай Палуян.
– Уборачная кампанія – заўсёды сур’ёзны экзамен для хлебаробаў. І сёлета яна выставіла рэальныя адзнакі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, праверыла ўменні механізатараў, – адзначыла дэпутат Палаты Прадстаўнікоў. – Жніво-2024 нельга назваць лёгкім. Але нашы аграрыі правялі яе годна. Дзякуй вам, дарагія землякі, за вашу нялёгкую працу, за вернасць прафесіі. Няхай з году ў год цяжэе хлебны колас на нашых нівах і багацее родная зямля.
Хлебаробы, акрамя слоў падзякі, кветак, дыпломаў пераможцаў, атрымалі ад райвыканкама і прафсаюзаў грашовыя ўзнагароды і сертыфікаты. У дадатак да ўсяго парламентарый уручыла сямейнай пары падарунак (на фота). “Шчасця, поспехаў і працвітання вашай цудоўнай працавітай сям’і”, – пажадала Святлана Уладзіміраўна.
Пасля віншавальнай музычнай праграмы, якую падарылі прысутным артысты Чалюшчавіцкага сельскага дома народнай творчасці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пагутарыла з хлебаробамі. Размова ішла пра ўмовы працы, якія створаныя для хлебаробаў: харчаванне, спецвопратка, дастаўка ўсяго неабходнага непасрэдна на поле. Падымаліся пытанні заработнай платы і ўмоў пражывання ў населеных пунктах.
“Ад якасці жыцця залежыць і вынік працы”, – адзначыла парламентарый.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о