29 студзеня навучэнцы гарадской гімназіі Кацярына Дзягцяр і Філіп Ганцэвіч прадставілі Петрыкаўскі раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Нагадаем, напярэдадні на Гомельшчыне прайшлі раённыя этапы, у якіх удзельнічала 99 праектаў.З іх на рэгіянальнае спаборніцтва рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” адабралі 41 распрацоўку. Сярод гэтых перспектыўных юных наватараў – навучэнцы 11 “Б” класа гімназіі горада Петрыкава Кацярына Дзягцяр і Філіп Ганцэвіч.
Кацярына прадставіла на суд журы праект пад назвай “Хуткасць вымывання сульфату калію з жэлацінавай абалонкі ў глебе”. Праект, безумоўна, мае перспектыўны накірунак для сельскай гаспадаркі і разумення працэсаў, якія адбываюцца ў глебе.
Дзяўчына даследавала, як з дапамогай біяразлагаемай жэлацінавай капсулы можна запаволіць растварэнне ўгнаенняў, каб расліны атрымлівалі харчаванне дазавана і карысныя рэчывы не вымываліся з глебы дарма.
– Разам з настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі і фізікі Аляксандрам Іванавічам Дарожкам, займаемся над гэтым праектам ужо трэці год. За гэты час мы распрацавалі вопытны ўчастак, дзе праводзілі шматлікія эксперыменты. Гэта быў доўгі, але вельмі займальны працэс, які дазволіў мне глыбей зразумець механізмы ўзаемадзеяння карысных рэчываў з глебай. Жэлацін – натуральны матэрыял, а кантраляванае вызваленне ўгнаенняў можа зэканоміць рэсурсы і павысіць ураджайнасць раслін, – дзеліцца Кацярына. – Пра перамогу даведалася з вялікай радасцю, але разумею, што наперадзе адказны рэспубліканскі этап.
Не менш актуальнай аказалася і распрацоўка Філіпа Ганцэвіча “Стварэнне прылады для апавяшчэння аб пажары з дапамогай Telegram-бота”. Юны праграміст прапанаваў недарагое, але эфектыўнае рашэнне для выдаленага маніторынгу памяшканняў (напрыклад, дач, гаражоў, майстэрняў). Пры спрацоўванні датчыка дыму або тэмпературы сістэма аўтаматычна адпраўляе паведамленне ўладальніку праз папулярны месэнджар, што дазволіць імгненна адрэагаваць на надзвычайнае здарэнне.
– Мне заўсёды падабалася праграмаваць. З 6-га класа захапляюся інфарматыкай і робататэхнікай, – распавядае Філіп. – Захацелася стварыць нешта сапраўды карыснае для многіх людзей. Сабраць прататып з даступных кампанентаў было цікава. Telegram-бот як канал абвесткі – гэта хутка, надзейна і знаёма амаль кожнаму. Сам досвед, зносіны з экспертамі і іншымі ўдзельнікамі далі велізарны штуршок для развіцця ідэі.
За ўсімі поспехамі вучняў стаіць карпатлівая работа настаўнікаў. Мы пагутарылі з іх навуковым куратарам, Аляксандрам Дарожкам.
– Кацярына і Філіп – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы алімпіяднага руху, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Я вельмі ганаруся сваімі вучнямі. Кацярына – сапраўдны даследчык, з неверагоднай уседлівасцю і аналітычным складам розуму. Праект па вывучэнні вымывання сульфату калію мае будучыню. Філіп жа праявіў сябе як таленавіты праграміст. Яго праект – прыклад таго, як сучасныя тэхналогіі могуць служыць бяспецы людзей. Работы прайшлі сур’ёзную навуковую і практычную падрыхтоўку. Я ўпэўнены, што смелыя думкі маладога пакалення ствараюць будучыню нашай краіны, – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Мы жадаем нашым таленавітым навучэнцам далейшай рэалізацыі іх ідэй, а Кацярыне – перамогі на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Марыя ТАМКО,
фота з сацыяльных сетак.








Оставить комментарий