У зімовы час года любімае месца ў ласёў і казуль – гэта праезная частка. А ўся справа ў тым, што падчас маразоў і галалёдзіцы дарогу пасыпаюць рэагентамі. Яны змяшчаюць соль, якую так любяць гэтыя жывёлы. Як паводзіць сябе, калі на дарозе стаіць лось ці казуля? За адказам на гэта пытанне мы звярнуліся да начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігара ЗЯНКЕВІЧА.
– Самае галоўнае – выконваць хуткасны рэжым і зважаць на знакі, – распавёў у час сустрэчы начальнік райінспекцыі. – Так, правільна абраная хуткасць у слізкае надвор’е, цёмны час сутак, ды і днём дае вам больш шанцаў затармазіць у выпадку, калі на дарозе вы ўбачылі лася. Дарэчы, участкі дарог, дзе яны з’яўляюцца, часцей за ўсё пазначаны адмысловымі дарожнымі знакамі.
Канешне, калі вы глядзіце на дарогу прама, то можаце заўважыць любую перашкоду. Аднак, ласі могуць стаяць на ўзбочынах ці пераходзіць дарогу. Таму, каб быць гатовым зрэагаваць маментальна, важна кантраляваць не толькі цэнтр праезнай часткі, але і па магчымасці узбочыну з абодвух бакоў дарогі.
У час гутаркі суразмоўца нагадаў, што з надыходам цемры абавязкова трэба ўключаць далёкае святло фар. Дакладны і аддалены паток святла дапаможа кіроўцу лепш арыентавацца. Галоўнае – не забывайце пра павагу да іншых удзельнікаў дарожнага руху.
– Хочацца засяродзіць увагу аўтааматараў на тым факце, што пры сустрэчы з ласём не варта карыстацца гукавым сігналам. Ёсць вялікая верагоднасць, што вы спужаеце жывёлу, і ў стрэсе лось можа кінуцца на вас. Лепш назапасцеся цярпеннем, спыніцеся на бяспечнай адлегласці і кантралюйце дзеянні жывёлы. У большасці выпадкаў яны сыходзяць з праезнай часткі. Калі лось ужо стаіць на дарозе, можна спыніцца перад ім, уключыць аварыйную сігналізацыю і пачакаць, пакуль ён пройдзе. Не трэба палохаць жывёлу, крычаць, выходзіць з машыны і спрабаваць яго сфатаграфаваць – усё гэта можа справакаваць лася, і кінецца на машыну.
І яшчэ, калі дзікая жывёла стаіць па цэнтры дарогі, не варта яе аб’язджаць. Тут лепей прытрымлівацца такіх жа дзеянняў, як і з сігналам: спакой і цярпенне, – даў слушныя парады Ігар Зянкевіч.
Як бачым, правілы не складаныя да выканання, і, прытрымліваючыся агучаных парад, вы засцеражэце сваё жыццё і здароўе, а таксама сваіх блізкіх ад лішняй небяспекі.
Запісала Галіна КАЗАК.
Оставить комментарий