Вызваленне Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – гэта значная старонка ў гісторыі нашага раёна, апафеоз трохгадовай барацьбы петрыкаўчан супраць гітлераўскіх акупантаў.
Вызваленне нашага раёна пачалося падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі войскаў Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Ракасоўскага. Ключавую ролю ў набліжэнні Вялікай Перамогі і вызваленні Петрыкаўшчыны адыграла Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”.
Лета 1944 года ўступіла ў свае правы. З надыходам цемры на поўначы быў чутны далёкі гул. Гэта савецкія войскі вялі бой з немцамі ў раёне Бабруйска. 25 чэрвеня быў дадзены загад: ва ўзаемадзеянні з Дняпроўскай флатыліяй фарсіраваць Прыпяць і авалодаць Петрыкавам. 28 чэрвеня 1944 года 55-ая стралковая дывізія 61-й арміі 1-га Беларускага фронту фарсіравала раку Прыпяць каля вёскі Скрыгалаў і пайшла ў наступленне на Петрыкаў. Гатоўнасць да наступлення ў 6 гадзін, пачатак баявых дзеянняў па сігнале “Дуб”. Агнём гармат і высадкай дэсантаў у тыл ворага наступленне дывізіі падтрымлівала 2-ая брыгада рачных кацераў Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
55-й Мазырскай стралковай дывізіі была пастаўлена задача ва ўзаемадзеянні з 2-ой брыгадай рачных караблёў капітана 2-га рангу В.М. Міціна пачаць наступленне ў паўночна-заходнім напрамку, фарсіраваць Прыпяць і авалодаць горадам. 28 чэрвеня ніжэй вёскі Конкавічы на левы бераг Прыпяці высадзіўся дэсант 2-й брыгады, якім камандаваў малодшы лейтэнант М.П. Чалы, пасля чаго, пры падтрымцы кацераў флатыліі, войскі фарсіравалі раку і захапілі плацдарм каля вёсак Конкавічы і Навасёлкі.
Да зыходу дня 2-ая брыгада рачных караблёў прыступіла да выканання задачы, пастаўленай камандаваннем 89-га стралковага корпуса: артылерыйскай падтрымкай і высадкай тактычнага дэсанту маракоў садзейнічаць часткам 55-ай стралковай дывізіі ў авалоданні Петрыкава, які супернік ператварыў у сур’ёзна ўмацаваны апорны пункт. Для выканання гэтай задачы камандзір 2-й брыгады вылучыў 2-і атрад бранякацераў: “БК-222”, “БК-223”, “БК-224” і два паўглісеры з дэсантам маракоў. Атрадам высадкі камандаваў камандзір 1-га асобнага дывізіёна бранякацераў капітан-лейтэнант І.П. Міхайлаў. У 22 гадзіны 15 хвілін супернік адкрыў па іх мінамётны агонь. Бронекацеры вялі агонь у адказ. На пераходзе камандзір атрада высадкі не меў сувязі з часткамі 55-ай СД, якія надыходзілі па паўночным беразе ракі, не было ўстаноўлена і сігналаў узаемнага апазнавання. У 23 гадзіны 25 хвілін капітан-лейтэнант І.П. Міхайлаў высадзіў разведвальны дэсант у складзе 30-ці маракоў і 10-ці сапёраў за 2,5 кіламетраў ад горада Петрыкава каля вёскі Белка для ўдакладнення абстаноўкі і прачэсвання берага. Для артылерыйскай падтрымкі дэсанту ў раёне высадкі былі пакінуты “БК-222”, камандзір лейтэнант А.І. Міхаленка і “БК-223”, камандзір лейтэнант С.І. Малаў. Артылерыйскім агнём бранякатэра падбілі варожы танк. Гітлераўцы, не прыняўшы бою, адышлі ў вёску.
У 04 гадзіны 40 хвілін 29 чэрвеня бранякатэры, усталяваўшы сувязь са 111-ым і 228-ым стралковымі палкамі, прыступілі да іх пераправы. Да 20 гадзін бранякатэры артылерыйскім агнём падтрымлівалі наступ 228-га і 111-га стралковых палкоў.
Штурм горада Петрыкава быў прызначаны на ноч на 30 чэрвеня. З надыходам цемры 29 чэрвеня ўздоўж ракі з усходу павінен быў наступаць 228-ы стралковы полк, з поўначы і паўночнага захаду – 111-ы і 228-ы стралковыя палкі. Каб не дапусціць адыходу праціўніка на захад, для разведкі і прачэсвання тэрыторыі першы асобны дывізіён бранякатараў павінен быў пасадзіць разведвальны дэсант у 290 чалавек у паўднёва-заходняй частцы горада. У 22 гадзіны 15 хвілін, прыняўшы на борт дэсантную групу з 30-ці маракоў і 10-ці сапёраў, якія высаджваліся ў вёсцы Белка, бранякатэры выйшлі ў раён высадкі і ў 23 гадзіны 30 хвілін, пераадолеўшы нязначнае супраціўленне суперніка, высадзілі дэсантнікаў.
Захапіўшы прылягаючы да ракі раён, дэсант пачаў рухацца да цэнтра горада. Дэсант правёў у горад бакеншчык Сцяпан Дзмітрыевіч Сухамера, які ведаў бяспечныя сцежкі ў горад. Уся набярэжная была ў акопах, драцяных агароджах, замініраваная. Ён прапанаваў капітану 3-га рангу Дняпроўскай флатыліі І.П. Міхайлаву сваю дапамогу пры вызваленні горада Петрыкава. Бярозкамі накрылі бранякацеры. Павольна прасоўваліся кацеры, якія падштурхоўваліся ў воду матросамі. С.Д. Сухамера ішоў у вадзе наперадзе ўсіх кацераў, паказваючы шлях, а кацеры неадступна ішлі за ім. Так яны даплылі ад вёскі Навасёлкі, да берага Прыпяці ў горад Петрыкаў. Мужчына правёў маракоў праз мінныя палі на беразе Прыпяці. Подзвіг простага чалавека апісаны ў дакументальнай аповесці Васіля Паўлава “Ідучыя наперадзе”.
У 00:40 хвілін 30 чэрвеня наступаючыя часці 55-ай стралковай дывізіі 61-ай арміі 1-га Беларускага фронту і дэсант маракоў, які далучыўся да іх пры артылерыйскай падтрымцы караблёў і плывучай батарэі, выбілі праціўніка з горада Петрыкава і авалодалі ім. Кідаючы тэхніку, праціўнік пачаў адступленне на захад у напрамку Жыткавіч, аднак сустрэў супраціўленне ў вёсцы Дарашэвічы. Малодшы лейтэнант Мікалай Палікарпавіч Чалы, майстар сакрушальнага флоцкага ўдару, вёў дняпроўцаў-дэсантнікаў скрозь варожы агонь праз мінныя палі на нямецкія ўмацаванні ў вёсцы Дарашэвічы. У крытычны момант бою, калі кулямётным агнём варожага дзота было забіта некалькі матросаў, Мікалай Чалы кінуўся на гітлераўцаў з гранатамі ў руках і загінуў смерцю героя. Пахаваны ў Дарашэвіцкім парку.
81 год прайшоў з Дня вызвалення Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тысячы загінуўшых воінаў, якія былі ўдзельнікамі баёў на тэрыторыі нашага горада і раёна, у падполлі і ў партызанскіх атрадах, маракамі і камандзірамі, медсёстрамі і разведчыкамі, сувязістамі і сапёрамі. Такія вялізныя лічбы немагчыма нават уявіць. За гераізм, стойкасць і адвагу, праяўленыя пры вызваленні горада і раёна, 7 маракоў Дняпроўскай флатыліі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза: Канарэеў Уладзімір Рыгоравіч, Кукалеўскі Леанід Дзмітрыевіч, Панамароў Міхаіл Пятровіч, Папоў Генадзь Пятровіч, Сталяроў Аляксандр Ніканоравіч, Фірсаў Аляксандр Васільевіч, Чалы Мікалай Палікарпавіч – пасмяротна. У 1972 годзе ў гонар воінаў-вызваліцеляў у гарадскім парку ўсталяваны помнік-скульптура марака-дэсантніка са сцягам і стэла з надпісам-прысвячэннем: “ЖЫВЫЯ ВАМ БЯСКОНЦА ПАВІННЫ”.

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага краязнаўчага музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о