Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень музеяў.
У гэты дзень мы ў чарговы раз гаворым пра тое, як важна ведаць сваю гісторыю і беражліва захоўваць вопыт і веданне мінулага. Нягледзячы на тое, што жывём мы ў эпоху тэхналагічнай рэвалюцыі, у многіх суайчыннікаў не знікла жаданне на свае вочы пазнаёміцца з культурнай і гістарычнай спадчынай краіны, малой радзімы. Наведванне такіх культурных месцаў пакідае незабыўнае ўражанне. Адчулі гэта на сабе і госці Навасёлкаўскай сярэдняй школы.
– Школьныя музеі – гэта важная частка выхаваўчай прасторы ва ўстанове адукацыі. Наш музей створаны ў 2011 годзе і прысвечаны гісторыі малой радзімы, – дзеліцца дырэктар школы Наталля Азёмша.
Музей знаходзіцца ў прасторным памяшканні, дзе ўладкаваны выставачныя экспазіцыі, якія знаёмяць наведвальнікаў з матэрыяламі, што ўяўляюць сабой сапраўдную скарбніцу гісторыі і культуры Навасёлкаўскай зямлі.
– У пакоях размешчаны пяць экспазіцый. Першая – “Нашы продкі ў далёкім мінулым” – распавядае пра асаблівасці побыту, вядзення хатняй гаспадаркі нашых прашчураў. Тут прадстаўлены дарэвалюцыйныя друкаваныя выданні і каштоўныя экспанаты мінулых вякоў, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна. – Побач знаходзіцца экспазіцыя “Станаўленне Савецкай улады ў нашых краях”. Гэты раздзел прадстаўлены экспанатамі, якія адлюстроўваюць гісторыю рэвалюцыйных гадоў, Грамадзянскай вайны, калектывізацыі, Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага перыяду на тэрыторыі аграгарадка Навасёлкі і яго наваколля. Практычна ва ўсіх пералічаных гістарычных падзеях бралі ўдзел нашы землякі.
“Дні, апаленыя вайной” – самы маштабны раздзел, дзе сабраны матэрыял пра жыхароў аграгарадка, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – ваенныя фотаздымкі, біяграфічныя дадзеныя, успаміны. Тут і матэрыял аб партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі раёна. Са слоў дырэктара: дадзеная экспазіцыя на сённяшні дзень самая актуальная і запатрабаваная.
Працягваючы экскурсію Наталля Мікалаеўна спынілася на раздзелах “Нашы славутыя землякі” і “Гісторыя саўгаса Навасёлкі”. У першым – фотаздымкі і звесткі пра землякоў, удзельнікаў вайны ў Афганістане, спартсменаў, дэлегатаў розных з’ездаў, ардэнаносцаў. У другім – гісторыя саўгаса “Навасёлкі”: дакументы з перыяду стварэння саўгаса і да сённяшніх дзён.
Неабходна адзначыць, што на базе музея праводзяцца тэматычныя гутаркі, урокі, класныя гадзіны, краязнаўчыя мерапрыемствы, сустрэчы з ахвярамі вайны, выпускнікамі і гасцямі школы. Работнікі ўстановы адукацыі разумеюць: гісторыя не толькі вучыць, але і дапамагае паважаць і шанаваць тое, што мы маем сёння. Па словах педагогаў, праца па напаўненні і папулярызацыі музея будзе працягвацца.
Штогод Дзень Музеяў праходзіць пад асаблівым лозунгам. У гэтым годзе – “Будучыня музеяў у хутка зменлівых супольнасцях”. Важна распавесці, як культура адаптуецца да сучасных рэалій і які ўклад уносіць у развіццё грамадства. І расказаць, паказаць у гэтым напрамку музеям ёсць што, бо ў іх фондах – культурная спадчына краіны.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий