Наш сённяшні герой – Фёдар Міхайлавіч Булыга, ураджэнец вёскі Навасёлкі, які днямі адзначыў 80-годдзе з дня нараджэння. Нарадзіўся мужчына 7 мая 1945 года, у дзень, калі вярхоўнае камандаванне Вермахта падпісала Акт аб капітуляцыі нямецкай арміі. Доўгачаканая перамога прынесла людзям збавенне ад ворага. Аднак наступствы фашысцкай акупацыі яшчэ доўга слязьмі адбіваліся на тварах матуль і ўдоў, крываточылі ранамі скалечаных вайскоўцаў, якім пашчасціла выжыць у пекле і вярнуцца ў зруйнаваныя гарады і вёскі, а часам і да папялішчаў родных хат і надмагільных крыжоў родных…
Свой аповед пра пасляваеннае дзяцінства і жыццёвы лёс мужчына вядзе няспешна і разважліва:
– Не абышла вайна бокам і нашу сям’ю: у першую зіму фашысцкай акупацыі памерлі двое маіх братоў і сястра – 1933, 1934 і 1937 гадоў нараджэння. Выжыў толькі старэйшы дзевяцігадовы брат. Бацька мой па стане здароўя ў дзеючую армію прызваны не быў, аднак быў народным апалчэнцам. Добра памятаю яго скупыя аповеды пра час ваеннага ліхалецця.
І хоць наш герой належыць да пакалення, якое не зведала жахаў вайны, аднак на яе гераічных і трагічных старонках, адгалосках і памяці землякоў ён выхоўваўся.
Дзень Перамогі, па словах Фёдара Міхайлавіча, у яго сям’і ды і ў вёсцы заўсёды быў святам са слязьмі на вачах. Аднак, перамагаючы боль і горыч, людзі вярталіся да мірнага жыцця. Цяжка і многа працавалі. Мужчын, як вядома, не хапала. Бацькі героя ад самага ранку да позняга вечара працавалі ў калгасе. Не адставалі ад іх і дзеці.
– Памятаю свой першы заробак: пасля 6 класа я працаваў усё лета вартаўніком на калгасным агародзе – зарабіў за сезон 87 працаднёў. Адчуваў сябе дарослым. Памочнікам. Кожнае лета ўсе вучні школы працавалі ў складзе школьных вучнёўскіх брыгад па апрацоўцы карняплодаў: бульбы, буракоў. Дружна працавалі, весела. Ніхто не цураўся працы, хоць часам нам, школьнікам, даволі цяжка было, аднак мы бачылі, што дарослым яшчэ цяжэй, – узгадвае факты ўласнай біяграфіі наш суразмоўца.
Потым жыццё землякоў станавілася лепшым, куды больш забяспечаным: абзаводзіліся хатняй гаспадаркай, падрасталі памочнікі-дзеці, калгас “убіраўся” ў сілу. У вёсцы з’явілася брукаваная дарога, праз некаторы час калгас пачаў будаваць на цэнт-ральнай вуліцы 8-мі кватэрныя двухпавярховыя домікі для сваіх работнікаў.
– Я быў жаданым дзіцям у сям’і, са старэйшым братам Іосіфам у нас розніца ў 13 гадоў, і заўсёды адчуваў на сабе клопат родных, іх падтрымку. Добра памятаю і свае школьныя гады. Збіралі мяне ў першы клас усёй сям’ёю: бацька пашыў боты, маці адзенне і торбачку для кніг, ад старэйшага брата ў спадчыну я атрымаў падручнікі.
Наш клас быў самы маленькі ў школе – усяго 9 вучняў. Зразумела, адгалоскі вайны. Да вучобы ўсе ставіліся вельмі сур’ёзна, непаспяваючых у нас не было. Я вельмі любіў урокі гісторыі і матэматыкі. Гісторыю ў нас выкладала завуч Ганна Анісімаўна Ракіцкая. Ведаеце, у 10 класе яна часам давярала мне весці ўрок. Магчыма, з яе боку гэта была свайго роду прафарыентацыйная работа, якую зараз актыўна праводзяць з навучэнцамі, – не ведаю. Як я рыхтаваўся да такіх урокаў! Мне гэта вельмі падабалася, і аднакласнікі слухалі ўважліва.
І сёння памятаю ўрокі Дубіка Валянціна Іванавіча, настаўніка фізікі і матэматыкі, Раманчука Андрэя Філіпавіча, настаўніка геаграфіі, франтавіка – надзвычай граматныя і эрудзіраваныя былі педагогі. Увогуле, усе нашыя настаўнікі былі “моцныя” прафесіяналы.
Таму і мы, вучні, імкнуліся ва ўсім быць да іх падобнымі: многа чыталі, ладзілі інтэлектуальныя турніры-баталіі, спартыўныя спаборніцтвы. Я да ўсяго іншага быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, рэдактарам школьнай газеты “За вучобу”. А якія тэматычныя вечары для землякоў мы арганізоўвалі, з пастаноўкамі, з дэкарацыямі! – з гонарам узгадвае мужчына.
У1962 годзе наш герой закончыў школу і паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Чым быў абумоўлены выбар прафесіі – і сёння ён з упэўненасцю сказаць не бярэцца, магчыма, юнацкай цікавасцю, імкненнем да новага і нязведанага. Справа ў тым, што ў той час у Навасёлках будавалі дарогу. Працавала шмат тэхнікі, вымяральнымі прыборамі вызначалі ўзровень будучай дарогі. Давалі і хлопцам прыкласціся да загадкавага інструмента, зазірнуць праз “шкляное вока”. Аднак ужо праз паўгода Фёдар Міхайлавіч зразумеў – не яго гэта. Дырэктар адгаворваў, у тэхнікуме юнак быў на добрым рахунку, аднак 1 красавіка ён ўжо быў дома. Па рэкамендацыі педагогаў быў прыняты на работу ў базавую школу вёскі Заброддзе на замену дэкрэтнага адпачынку. 4 чвэрць наш герой адпрацаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
– І тут у мяне абудзілася забытае пачуццё радасці ад перадачы ведаў, зносін з вучнямі. Ужо праз год я стаў студэнтам завочнага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Час вучобы ў інстытуце запомніўся спасціжэннем новага як у плане вучобы, так і жыцця. Мне, хлопцу з глыбінкі, было цікава ўсё: навуковыя канферэнцыі і літаратурныя вечары, шпацыры па гарадскіх вулачках, прыгожыя будынкі, новая тэхніка, – працягвае свой аповед наш герой.
Па словах суразмоўцы, ён мае даволі абшырную ў геаграфічным сэнсе працоўную біяграфію: так, два гады мужчына адпрацаваў у Курыціцкай сярэдняй школе. Менавіта там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, ураджэнкай вёскі Кашэвічы, выпускніцай Мазырскага педінстытута, настаўніцай рускай мовы і літаратуры Інэсай Паўлаўнай.
– Была яна вельмі прыгожая, разумная і даволі сціплая дзяўчына. Праз год пасля знаёмства, у 1966 годзе, мы пабраліся шлюбам. Яшчэ праз год, у 1967 годзе, нарадзіўся наш Сярожа. Жонка вельмі сумавала па малой радзіме і ўвесь час ўгаворвала мяне пераехаць ці ў Навасёлкі, ці ў Кашэвічы. Так мы пераехалі ў Навасёлкі. Вёска была вялікая, шмат моладзі, таму, зразумела, працаўладкавацца па спецыяльнасці я не змог. Чатыры гады адпрацаваў у Філіпавіцкай базавай школе, якую, між іншым, і ўзначальваў. Пасля рэарганізацыі яе ў пачатковую працаўладкаваўся ў Навасёлках. Гэта быў час, калі дэфіцыту настаўніцкіх кадраў на сяле не было, таму ў роднай школе пачынаў я з групы падоўжанага дня, на наступны год далі клас матэматыкі, пасля перавялі на стаўку. Быў у маім жыцці карысны і цікавы вопыт грамадскай работы. Так, пэўны час я быў кіраўніком партыйнай арганізацыі, намеснікам сакратара камітэта камсамола калгаса, рэдагаваў “Камсамольскі пражэктар”, узначальваў прафсаюзны камітэт школы. Як бачыце, мой лёс тыповы для пасляваеннага пакалення – мы вельмі прагнулі жыць актыўна, нібы баяліся чагосцьці не паспець, – разважае Федар Міхайлавіч і дадае: – У нашай сям’і заўсёды быў культ вучобы і спасціжэння новых ведаў. Калі жонцы прапанавалі на базе яе філалагічнай вышэйшай адукацыі набыць новую спецыяльнасць настаўніка замежнай мовы, мы яе не проста падтрымалі – ідэя была падхоплена з інтузіязмам. Так пачалася яе вучоба ў Кіеве на курсах замежнай мовы. У саюзе падобныя курсы былі толькі ў Маскве і Кіеве. На сесіі мы амаль заўсёды ездзілі разам, аддаючы перавагу воднаму шляху. Падарожжа на ракеце па паўнаводнай прыгажуні-Прыпяці было незабыўным, як і веліч старажытнага Кіева. 57 гадоў мы пражылі з Інэсай Паўлаўнай у згодзе і любові. Ужо паўтара гады я адзін…
І бацькамі мы былі шчаслівымі: выгадавалі годнага сына, разумнага, адукаванага (на фота). Сяргей жыве за мяжою, у Вене. Ён пераняў маю любоў да дакладных навук і пасля школы паступіў у БДУ на фізіка-матэматычны факультэт. У 1985 годзе, пасля першага курса, быў прызваны на вайсковую службу. У 1986, як вядома, адбылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС. З вучэбкі ў Бабруйску сын быў накіраваны “ў зону”. Мае статус “ліквідатара”. Па завяршэнні вайсковай службы вярнуўся ва ўніверсітэт.
Атрымаўшы дыплом, паступіў у аспірантуру, практыку праходзіў у Германіі, у міжнародным ядзерным цэнтры. Выкладаў профільныя дысцыпліны ва ўніверсітэце. Пасля пераехаў у Аўстрыю, дзе таксама займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Сёння ён высокакваліфікаваны фізік-ядзершчык, жыве ў Вене і працуе ў МАГАТЭ кіраўніком адной з аналітычных груп. Часта з камандзіроўкамі наведвае родную Беларусь – ён курыруе пытанні бяспекі нашай атамнай станцыі. Зразумела, што і бацькоўскі дом не мінае. Нявестка таксама працуе ў МАГАТЭ, яна праграміст.
Унучка Кацярына закончыла інстытут. Яна ў нас падаючы надзеі фармацэўт, захоплена навуковай дзейнасцю: працуе над распрацоўкай лекаў ад раку. Унук Аляксандр, як і маці, праграміст, сур’ёзны і мэтанакіраваны хлопец. Як бачыце, прага да ведаў – гэта ў нас сямейнае.
Я ў сваю чаргу таксама імкнуся ад іх не адставаць: асвоіў месенджары, каб быць з роднымі на сувязі, у 68 гадоў здаў на правы – унукі зматывавалі, падараваўшы машыну. На экзамен ездзіў у суседнія Жыткавічы, на камп’ютары за 5 хвілін рашыў усе заданні, ды і з практычнай часткай справіўся без усялякага хвалявання. Сорамна было б перад унукамі не здаць. Вось ужо больш за 10 гадоў у мяне стажу кіроўцы. На вялікія адлегласці, канешне, не езджу, аднак Жыткавічы, Калінкавічы, Петрыкаў і Муляраўку наведваю перыядычна.
Азіраючыся на пражытыя гады, скажу адно: шчасце жыць у мірны час, мець мэту і падтрымку родных, а таксама быць упэўненым у заўтрашнім дні. Таму напярэдадні Дня Перамогі землякам пажадаю мірнага неба, моцнага здароўя, дабрабыту і душэўнага спакою, – дадаў у завяршэнні размовы Фёдар Міхайлавіч.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий