Днямі мы завіталі ў ААТ “Чалюшчавічы” каб даведацца, як у гаспадарцы праходзіць уборка кукурузы на зерне.
Як паведаміў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па вытворчасці Сяргей Моўка, зараз на ўборцы кукурузы на зерне, на плошчы каля 1000 гектараў, працуюць 3 камбайны. “Ураджайнасць маем годную, каля 60-70 цэнтнераў з гектару. Вільготнасць кукурузнага зерня таксама належная – 25-27%. Першапачаткова нашыя камбайнеры накіроўваюцца на самыя высокія ўчасткі палеткаў, дзе зерне мае патрэбную кандыцыю і найлепш падыходзіць для дапрацоўкі. За гэты час наліваецца і прыходзіць да патрэбнай вільготнасці кукуруза на больш нізкіх участках, якую механізатары будуць убіраць крыху пазней. Усё гэта дазваляе мінімізаваць выдаткі пры далейшай дапрацоўцы кукурузнага зерня”.
Большая частка зерня адпра-віцца на сушку і дапрацоўку на комплекс “Любань”, што на Салігоршчыне. Астатні ўраджай гаспадарка дапрацуе самастойна, пасля чаго зерне адправіцца на склад. Гэтым запасам можна будзе распарадзіцца па неабходнасці, калі прыйдзе час.
Мы прыпыняемся на ўскрайку палетка. Неўзабаве тут з’яўляецца “Гамсяльмаш-GS12A1 PROFI”, на якім працуе сямейны экіпаж Руслана і Валянціны Качэляў, якія ўжо станавіліся героямі нашых артыкулаў. За дзень яны ўбіраюць кукурузнага зерня з плошчы ад 10-ці да 20-ці гектараў, што ў агульным намалоце складае каля 100 тон. Па словах Руслана, галоўнае для камбайнера – добра адрэгуляваць і абслужыць машыну.
“Зараз я працую ў ААТ “Беларуськалій”, але, на час жніва мяне перавялі сюды ў дапамогу гаспадарцы. Я быў толькі ўзрадаваны такой навіне, бо 18 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы на зямлі, ды ўсе мае родныя таксама былі аграрыямі. З жонкай працую першы год і магу адзначыць, што мая Валянціна – лепшы памочнік”, – заўважыў механізатар. Жанчына ж у сваю чаргу дадала: “З мужам працаваць адно задавальненне, нездарма ж мой Руслан заўсёды быў у ліку лепшых механізатараў Петрыкаўшчыны. Увогуле, усе мае чаканні ад працы апраўдаліся. Хіба што мы не чакалі да сябе такой увагі. Думалі, ціхенька і незаўважна адпрацуем, але адразу пачалі адчуваць і чулае стаўленне з боку кіраўніцтва, і ўзнагароды з прэміямі, і зацікаўленасць журналістаў – усё гэта прыемна здзівіла”.
Пара выхоўвае двух сыноў, абодва цягнуцца да тэхнікі, а старэйшы, як адзначаюць бацькі, можа ў свае 13 гадоў удала ўпраўляцца з трактарам. Жадаем сям’і Качэляў і ў будучыні скараць новыя працоўныя вяршыні, а дома ў іх і надалей, пануе паразуменне і дабрабыт.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий