На базе ААТ “Навасёлкі” прайшло пасяджэнне групы па ўзнаўленню буйнай рагатай жывёлы. Мерапрыемства ўзначаліў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.
У пасяджэнні прынялі ўдзел першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, аператары па штучным асемяненні жывёл, брыгадзіры вытворчых брыгад у жывёлагадоўлі.
Першая частка пасяджэння прашла на МТФ “Ванюжычы”. На ферме ўтрымліваецца 538 галоў, з якіх 242 – маладняк. На кожнай з лакацый, а іх было пяць: цяляты ад нараджэння да 2-х месяцаў, ад 2-ух да 6-ці месяцаў, ад 6-ці месяцаў да года, “радзільнае” адзяленне, дойны статак – вёўся аналіз пачутага і ўбачанага. Адказ трымалі не толькі спецыялісты прымаючага боку, але і прадстаўнікі другіх гаспадарак. Кожны павінен быў быць гатовым падзяліцца сваім вопытам, адказаць на пастаўленыя пытанні.
У час наведвання малочна-таварнай фермы ўвага надавалася санітарнаму стану памяшканняў, кармленню і догляду жывёлы, вакцынацыі, своечасовасці лячэння, сістэме даення, захаванню схемы штучнага асемянення, вя-дзенню дакументацыі.
У час размовы з удзельнікамі мерапрыемства старшыня райвыканкама нагадаў, што жывёлагадоўля з’яўляецца важнейшай сельскагаспадарчай галіной. Прадукцыйнасць жывёлы, якасць атрыманай прадукцыі залежыць у першую чаргу ад чалавечага фактару. Ад стараннасці людзей, іх руплівасці, добрасумленнасці, прафесіяналізму залежыць на-дзвычай многае, што тычыцца работы і перспектыўнага развіцця жывёлагадоўлі.
– Менавіта такія мерапрыемствы з наведваннем малочна-таварных ферм, комплексаў, даюць магчымасць прааналізаваць стан спраў на месцах, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. – Важна ведаць як “моцныя”, так і “слабыя” месцы гаспадарак у пытаннях вытворчасці мяса і малака, каб у далейшым задзейнічаць усе рэзервы для паляпшэння сітуацыі.
На думку кіраўніка раёна, адзін з такіх рэзерваў – гэта паляпшэнне арганізаванасці, вытворчай, кадравай, тэхналагічнай дысцыпліны.
Другая частка пасяджэння адбылася ў фармаце аналізу і справаздач спецыялістаў, кіраўнікоў сельгасарганізацый. Абмяркоўваліся пытанні выканання прагнозных паказчыкаў і даведзеных планаў па кожнай з гаспадарак. Удзельнікаў, для правядзення канструктыўнага дыялогу, сустракаў Навасёлкаўскі Дом культуры.
Па выніках сустрэчы дадзены даручэнні, абазначаны тэрміны і адказныя за іх выкананне.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий