Усё жыццё – на службе здароўю. Так можна сказаць пра Ганну Герасіменка, фельчара фельчарска-акушэрскага пункта вёскі Рог, якая ўжо 37 гадоў працуе на дадзенай пасадзе. Прыехала ў населены пункт малады медык пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча, тут выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Аказанне першай медыцынскай дапамогі насельніцтву, вядзенне амбулаторнага прыёму хворых, выклікі на дом, патранажнае наведванне дзяцей, цяжарных жанчын і адзінокіх састарэлых грамадзян – такімі прафесійнымі абавязкамі напоўнены працоўны графік фельчара. Да таго ж, спецыфіка работы на вёсцы абавязвае быць гатовым да таго, што за дапамогай могуць звярнуцца і ноччу, і ў выхадны дзень. Хваробы ж, як і надзвычайныя выпадкі, не выбіраюць часу сутак і дзён тыдня. “У нас у вёсцы ўсе – як сям’я,» – кажа медык. І, безумоўна, фельчар стараецца дапамагчы кожнаму, зрабіць усё магчымае, што ў яе сілах і кампетэнцыі. А як жа іначай, калі гэта твой абавязак і прызванне: аблягчаць пакуты і прыносіць вылечванне. Жыхары вёскі ведаюць: калі баліць – трэба ісці да Ганны Уладзіміраўны. Яна выслухае, дапаможа, падтрымае. Для многіх яна стала не толькі медыкам, але і сапраўдным сябрам.
– Некаторым людзям, акрамя лекаў патрэбна ўвага. Паверце, я гэта ўжо ведаю і заўсёды імкнуся выкраіць пару-тройку хвілін для гутаркі, – дзеліцца жанчына.
Ганна Уладзіміраўна ведае кожнага чалавека на ўчастку не толькі ў твар, але і па імені і прозвішчы. Ведае нават значна больш, чым патрабуецца медыку, не толькі пра стан здароўя, пра хваробы, але і пра дзяцей-унукаў. Гэта стварае атмасферу даверлівасці і заўсёды дапамагае ў справе.
Людзі не раз выказвалі словы падзякі свайму фельчару за вернасць справы! Жыхары вёскі дзеляцца, што Ганна Уладзіміраўна – цудоўная жанчына і вызначаецца сваёй сардэчнасцю, дабрынёй, чуласцю і ўважлівасцю. Усе гэтыя чалавечыя якасці з’яўляюцца толькі дапаўненнем да яе прафесіяналізму, як медыка.
Дар’я ГЕРАСІМЕНКА,
фота аўтара.
Оставить комментарий