Сапраўдны зімовы адпачынак

0
654

У пятніцу бліз спартыўнай залы ДЮСШ распачаў работу гарадскі каток.
Вядома, многія гараджане і госці Петрыкава заўважылі, што некалькімі днямі раней па перыметры штучнай пляцоўкі для футбола з’явіліся драўляныя борцікі. Апошнім часам панавала халоднае надвор’е, што дало магчымасць супрацоўнікам МНС заліць каток.

Дарэчы, арганізацыя работы аб’екта была на кантролі ў старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана. Кіраўнік раёна неаднаразова зазначаў, што каток можа і павінен стаць месцам актыўнага і, галоўнае, бяспечнага баўлення вольнага часу.

У першы дзень найбольшы наплыў наведвальнікаў заўважаўся надвячоркам, калі дзеці прыйшлі са школьных заняткаў, а дарослыя скончылі працоўны тыдзень. Тут можна было пабачыць і тых, хто ўпэўнена стаяў на каньках, і тых, хто рабіў першыя крокі на лёдзе. Але аб’ядноўвалі ўсіх бадзёры настрой і асалода ад цудоўнага баўлення часу. Асаблівую душэўную цеплыню выклікала выява, як мужчына сталага ўзросту навучаў катацца маленькую дзяўчынку, якой гэтая навука давалася не без падзенняў, але з упартасцю і цвёрдым жаданнем.

Людна было на лёдзе працягам усіх выхадных дзён з раніцы да самага закрыцця спартыўнага аб’екта, адкуль чуваць было гучны дзіцячы смех.


Між іншым, калі вы яшчэ не наведалі каток, то спецыялісты пераконваюць, што зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, бо апрача станоўчых эмоцый катанне развівае вестыбулярны апарат і стварае спрыяльную нагрузку для паляпшэння работы сэрца і апорна-рухальнага апарату. Выйсці на лёд можна з 10-ці да 21-ой гадзіны. Дарэчы, наведванне катка бясплатнае. Што тычыцца канькоў, то ўзяць іх у арэнду можна ў самой спартыўнай зале ці мясцовым КБА па даволі прыдатным кошце.

Таму, паважаныя чытачы, раю паспяшаць наведаць лёд, каб прыўзнятага настрою і добрых успамінаў пра гэтую зімовую пару было болей!

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о