Сакрэт поспеху – адданая праца

Днямі мы завіталі на палеткі СУП “Палессе-Аграінвест”, дзе ішла ўборка азімай пшаніцы. На ніве паміж вёскамі Бяланавічы і Навасёлкі механізатары і вадзіцелі на адвозцы якраз выгружалі намалочанае зерне і выпраўляліся на чарговы ўчастак пасяўных плошчаў. У гэтыя хвіліны нам і выпала пагутарыць з адным з перадавых экіпажаў камбайнераў – Генадзем Рутам і Канстанцінам Корбутам.

На дваіх хлебаробы маюць зайздросны вопыт работы ў сельгаспрадпрыемстве – 57 гадоў. Генадзь Іванавіч сціпла пачынае размову: “Сам я родам з Петрыкава. Атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, адразу пасля школы ўладкаваўся ў гаспадарку. Адпрацаваўшы год, тады яшчэ ў саўгасе “Петрыкаўскі”, быў прызваны ў армію, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся і з гэтага моманту 38 гадоў бесперапынна працую ў сельгаспрадпрыемстве. За гэты час былы саўгас на маіх вачах ператварыўся ў сучасную, магутную гаспадарку “Палессе-Аграінвест”, істотна змянілася тэхніка, але і патрабаванняў да спецыялістаў стала больш”.

Па словах Генадзя Руты, амаль за чатыры дзясяткі гадоў многія яго калегі змянілі кірунак прафесійнай дзейнасці. Але мужчыну заўсёды вабіла праца на зямлі і пра адказ ад працы аграрыя ён ніколі не задумваўся. “Цяжка дакладна сказаць, за што я люблю сваю прафесію, вельмі багата складальнікаў: гэта і адчуванне свайго роднага краю, і радасць за каласы, што наліваюцца пад сонцам, і шчырая праца на жніве”.

Вось ужо пяты сезон разам з Генадзем Рутам працуе ў адным экіпажы Канстанцін Корбут. Біяграфія яго нечым падобная на жыццяпіс старэйшага таварыша: “Скончыўшы Конкавіцкую школу і атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне на Вучэбна-вытворчым камбінаце, я ўладкаваўся і ўжо 18 гадоў працую ў “Палессі-Аграінвест”. Вы цікавіцеся, як дабіцца ўдалых вытворчых паказчыкаў? Калі ўвогуле – то трэба быць адданым сваёй справе, укладваць душу ў палеткі і тэхніку. Менавіта добрая падрыхтоўка мышыны яшчэ да пачатку сельскагаспадарчага сезону, а потым і штодзённае яе абслугоўванне дазволяць тэрмінова і якасна сабраць будучы ўраджай. З такога прынцыпу мы сыходзім і пакуль наш “Рассяльмаш Torum 785” працуе сёлета надзейна і без паломак”, – дзеліцца Канстанцін Уладзіміравіч. “Вельмі ўдала гэты камбайн паказвае сябе на ўборцы кукурузы. Так, у мінулым годзе мы з лёгкасцю намалацілі 2 тысячы тон “царыцы палёў” на зерне. Я, шчыра кажучы, і не паспеў заўважыць”, – з усмешкай дадае Генадзь Рута.

Працоўны дзень хлебаробаў пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, а пасля 9-й гадзіны вечара іх забіраюць з палеткаў. Атрымліваецца, часам, што дадому механізатары трапляюць бліжэй да 22 гадзін. За дзень на жніве азімай пшаніцы экіпаж збірае ўраджай з 20-ці і болей гектараў плошчы. У гэты час бункер камбайна напаўняецца ў сярэднім па 6-8 разоў, што ў пераліку на вагу зерня – каля 40-50 тон.

Экіпаж чакае яшчэ багата працы на нівах, пасля чаго Генадзь Іванавіч будзе заняты на ўборцы кармоў, а Канстанцін Уладзіміравіч пачне падрыхтоўку зямлі пад сяўбу азімых. Карацей, як прызналіся аграрыі, думаць пра адпачынак яшчэ рана. Мы ж са свайго боку жадаем нашым аграрыям моцнага здароўя, надзейнай працы тэхнікі і спрыяльнага надвор’я, дзякуем хлебаробам за іх шчырую працу на роднай зямлі.

Сакрэт поспеху – адданая праца Сакрэт поспеху – адданая праца Сакрэт поспеху – адданая праца Сакрэт поспеху – адданая праца Сакрэт поспеху – адданая праца

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о