Актывісты Петрыкаўскай і Жыткавіцкай раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын напярэдадні Сусветнага дня дзіцяці далучыліся да акцыі “ЖЫЦЬ, нельга хварэць!” і завіталі да сям’і Савушчык з райцэнтра, каб павіншаваць двайнят Вадзіма і Максіма з 10-годдзем.

Сіла бацькоўскай веры і любові

Так сталася, што ў малодшых хлопчыкаў Алесі і Юрыя праз месяц пасля нараджэння дыягнаставалі спінальную мышачную атрафію (СМА) Вердніга-Гофмана. Гэта рэдкая генетычная хвароба, якая паступова адымае ўсё – рух, дыханне, жыццё…

Прагнозы медыкаў былі несуцяшальныя: з такім дыягназам дзеткі жывуць не больш за два гады. Хлопчыкі ж у дзень нашага візіту святкавалі свой 10-ты дзень нараджэння. Што гэта – цуд? Наўрад ці. Гэта не што іншае, як бязмежная сіла бацькоўскай любові, надзеі і веры, якія, хоць і не здольны перамагчы хваробу, аднак у якасці ўзнагароды атрымліваюць чарговы дзень, месяц, год жыцця…

Члены сям’і амаль не турбуюць медыкаў – за гэты час навучыліся з лёгкасцю абыходзіцца са складаным медыцынскім абсталяваннем, круглыя суткі сочаць за іх паказчыкамі, работай разнастайных датчыкаў. Нават кот у гэтым доме прытрымліваецца заведзенага парадку і дысцыпліны: ні разу, як паведаміла Алеся Уладзіміраўна, не наблізіўся да шматлікіх правадоў, не тое што сапсаваў што-небудзь. Больш за тое, ён уважліва сочыць за настроем блізнят і нават рэгулюе яго: па чарзе лашчыцца то побач з адным, то з другім, спяваючы ім свае каціныя песні.

Нягледзячы на найцяжэйшае выпрабаванне, бацькі Максіма і Вадзіма не губляюць жыццялюбства і аптымізму і зараджаюць пазітывам іншых. У дзень нараджэння хлопчыкаў іх пакой быў па-святочнаму прыбраны. Паветраныя шарыкі, цацкі і падарункі сведчылі пра паўнавартаснае жыццё сям’і, радасць і шчасце ад таго, што яны разам.

Ад Петрыкаўскай і Жыткавіцкай раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын хлопчыкі атрымалі карысныя і патрэбныя падарункі, ад абласной структуры – тысячу рублёў на абслугоўванне медыцынскага абсталявання.

Ёсць людзі, пасля сустрэч і размоў з якімі неяк светла становіцца на душы, хочацца зрабіць людзям многа добрых спраў. Менавіта з такім пачуццём пакідалі мы сям’ю Савушчык.

Галіна КАЗАК. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о