Вясна для аграрыяў гарачы перыяд і рамонт у час севу – гэта адкладзеныя пасяўныя работы, не ўнесенае ў час насенне і, як вынік, недахоп па ўраджаю.

“Рыхтуй сані летам, а колы зімой” – сведчыць народная мудрасць. Даведацца, як рыхтуюць “колы” да веснавога перыяду, мы завіталі на мехдвор БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”, што ў гарадскім пасёлку Капаткевічы. Як паведаміў нам загадчык рамонтных майстэрняў Рыгор Шумак, асноўная тэхніка знаходзіцца менавіта тут, нейкія адзінкі ў Чалюшчавічах і Колках.
Першы клопат працаўнікоў-механізатараў пасля заканчэння палявых работ – паставіць тэхніку на зімовы перыяд, закансерваваўшы яе, правесці неабходны рамонт. Гэта робіцца не бяздумна, кожная адзінка: трактар, камбайн ці прычапное абсталяванне – праходзіць тэхнічны агляд. На кожную тэхнічную адзінку робіцца акт пастаноўкі на кансервацыю, выяўляецца наяўнасць тэхнічных непаладак і неабходнасць рамонту – усё гэта ўносіцца ў адпаведныя дакументы. Калі тэхніка або агрэгат не патрабуюць наладкі, то яны ставяцца на кансервацыю з перыядычным аглядам. Тыя, якія знаходзяцца па-за межамі памяшканняў, аглядаюцца раз у месяц. Тэхніка ў закрытых памяшканнях – раз у тры месяцы.
У ангары паблісквала шыбамі прыгожая энерганасычаная ўборачная тэхніка, пастаўленая на працяглае захаванне, побач увіхаўся слесар Анатолій Серапін, які аглядаў гуму колаў: ці не патрабуюе дадатковай апрацоўкі?
Вынікі такіх перыядычных аглядаў, як і вынікі правядзення рамонту, заносяцца ў адпаведную дакументацыю, у якой ставяць адзнаку тыя, хто абслугоўваў абсталяванне і кантраляваў вынік. Значная ўвага надаецца тэхніцы бяспекі падчас працы, у тым ліку і супрацьпажарнай. Для гэтай мэты абсталяваны стэнды, маюцца прылады.
Праца не спыняецца і ў маразы. Так, падчас наведвання гаспадаркі мужчыны ўвіхаліся каля энерганасычанага трактара “Беларус”. Рамонтам займаюцца трактарысты-машыністы і слесары па рамонце машын і сельгасабсталявання: кожныя свабодныя рукі на ўліку.
У гэты зімовы і снежны перыяд асноўныя работы механізатараў, якія не занятыя ў рамонтных майстэрнях, засяроджаны на абслугоўванні малочна-таварнага статку. Вядзецца расчыстка дарог да комплексаў і ферм, кармленне, падсцілка, ачыстка хлявоў і вываз арганікі. У такі снежны час арганічныя ўгнаенні вывозяцца і буртуюцца на палях, каб з наступленнем больш прыдатнага перыяду быць раскіданымі па палях. Для гэтых мэт у гаспадарцы выкарыстоўваюцца паўпрычэпы-раскідвальнікі, якія, між тым, з’яўляюцца і цудоўнымі агрэгатамі для перавозкі не толькі ўгнаенняў, а і іншых грузаў (сіласу, буракоў, саломы).
Каля двух гадоў назад гаспадаркай набыты два паўпрычэпы-раскідвальнікі ўгнаенняў ПМФ, а восенню 2025 – яшчэ два ПТСС-25 “Баярын”, беларускай вытворчасці, якія дазваляюць вывезці вялікія аб’ёмы ўгнаенняў ці іншых грузаў. Напрыклад, у час нашага наведвання “Беларус-3522” разаграваўся, каб ехаць па апілкі для падсцёлу жывёлы. У веснавы перыяд на ПМФ, як і на ПТСС-25 “Баярын” ладзіцца абсталяванне і гэтыя ж прычэпы раскідваюць угнаенні па палях.
– Для патрэб веснавога ворыва ў прадпрыемстве маецца прычапное абсталяванне, разлічанае на энэрганасычаныя трактары. Сучасная тэхніка дазваляе правесці ворыва хутка і ў час. Абсталяванне поўнасцю гатова да правядзення пасяўных работ і чакае свайго часу, “адмашкі” ад аграномаў, – пазначыў загадчык майстэрні. – Гэта такія агрэгаты, як ППА-8-40 (плуг прычапны, абаротны), АГД (агрэгаты глебаапрацоўчыя дыскавыя), Дыскапак-6 (агрэгат прызначаны ў тым ліку для падрыхтоўкі акультураных глеб пад пасеў азімых збожжавых, пажніўных і паўкосных культур).
Рыгор Рыгоравіч адзначыў, што падрыхтавана тэхніка і для правядзення севу, як прыклад – 24-радковая сеялка для кукурузы, гатовая ў любы момант рухацца ў пасяўны “бой”. З гэтым навясным абсталяваннем працуе магутны энерганасычаны паўнапрывадны трактар RSM 2400 вытворчасці Растсельмаша, які чакае свайго часу ў майстэрні аграгарадка Чалюшчавічы.
Мы пацікавіліся, ці наносіць шкоду тэхніцы і навясному абсталяванню знаходжанне пад снегам.
– Тэхніка прысталявана для нашых умоў надвор’я, у тым ліку і для захавання на адкрытым паветры, – адказаў загадчык майстэрні.
Рыгор Шумак напрыканцы нашай сустрэчы канстатаваў:
“БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” “колы” для вясенніх ворыўных і пасяўных работ падрыхтавала. Як толькі сыйдзе снежны покрыў і аграномы дадуць дабро, пачнецца зноў гарачая пара ў механізатараў”.

Надзея Сігай,
фота аўтара.






Оставить комментарий