Рукадзелле з душой

0
380

Ангеліна Панасюк – выхавальнік, настаўнік-дэфектолаг «Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Петрыкава». У руках дзяўчыны – звязаная ёю цацка. Ангеліна з цеплынёй распавядае пра сваё жыццё, працу і захапленні.

Рукадзелле з душой– Я заўсёды лічыла, што дзяцінства – гэта самы важны час у жыцці чалавека, і хочацца, каб яно было яркім і станоўчым. Паступіла ў педагагічны ўніверсітэт і з тых часоў не ўяўляю свайго жыцця без працы ў дзіцячым садку. Кожны дзень для маіх выхаванцаў – гэта новае маленькае адкрыццё, – дзеліцца гераіня.
Ангеліна любіць назіраць, як малыя вучацца і растуць.
– У нас шмат вясёлых момантаў, і часам нават самыя простыя заняткі могуць узняць настрой не толькі дзецям, але і мне, – распавядае Ангеліна.
Па словах нашай зямлячкі, захапленне рукадзеллем пачалося даўно, калі ёй было гадоў дванаццаць, але актыўна вяжа апошнія некалькі гадоў. Ставіцца да дадзенага занятку вельмі сур’ёзна. Ангеліне падабаецца сам працэс вязання і гатовы вынік. На жаль, вельмі мала вольнага часу, бо большую частку дня яна знаходзіцца на працы. Але ў любую вольную хвіліну дзяўчына бярэ ў рукі кручок, аддаецца любімай справе, і з кожнай новай пятлёй усе клопаты і хваляванні сыходзяць.

Рукадзелле з душой– Я працую з дзецьмі дашкольнага ўзросту, для якіх вельмі важна тактыльнае ўспрыманне. У гэтым плане на занятках нам дапамагаюць вязаныя цацкі. Дзеці любяць гуляць з мяккімі цацкамі, а я бачу, як яны развіваюць сваю фантазію, калі прыдумляюць для іх розныя гісторыі.
Як згадвае наша гераіня, для яе прасцей было пачынаць з пражы “Пяхорка”, бо яна тонкая і відаць кожную пяцельку. Пачыналася ўсё са звычайнай сурвэткі. Было складана, але вынік парадаваў.
– Сама я вяжу кручком, але не сказала б, што менавіта гэтая тэхніка неяк асабліва “паказана” пачаткоўцам. Ведаю дзяўчын, якія на спіцах выдатна вяжуць, а кручок у іх не ідзе. Бывае і наадварот. У гэтых метадах ёсць адрозненні: напрыклад, расход ніткі ў вязанні кручком большы, чым у іншых відах вязання. Вучыцца няпроста, але калі ў вас будзе зручны кручок, тактыльна прыемная пража і ўтульнае крэсла, навучанне будзе ў радасць. Гэта як прыгожыя сшыткі, новы пенал і зручны заплечнік перад 1 верасня, – з усмешкай распавядае зямлячка. – Лічу, што вязанне вучыць прызнаваць і выпраўляць свае памылкі. Калі ў працэсе ты бачыш, што атрымліваецца не вельмі, лепш адразу перарабіць.

Рукадзелле з душойАнгеліна з лёгкай усмешкай працягвае расказваць пра сваіх дзяцей і цацкі, якія ствараюцца з любоўю. Гэтая сустрэча была не толькі знаёмствам з яе працай, але і падарожжам у свет, поўны шчырасці і творчасці. Дзяўчына марыць ператварыць сваё захапленне ў нешта большае, напрыклад, заснаваць свой брэнд цацак, які будзе вядомы па ўсёй Беларусі.
Жадаем, каб захапленне прыносіла радасць і натхненне! Яркіх ідэй і творчых поспехаў!

 

Рукадзелле з душойМарыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о