Захаванне традыцый продкаў з’яўляецца неабходнай умовай духоўнага развіцця. Такім чынам, ствараецца нябачная, але вельмі моцная сувязь пакаленняў.
Асоба жыхара Петрыкава Міхаіла Макараўца вядома землякам па яго прадпры-мальніцкай дзейнасці. І нямногія ведаюць, што мужчына захапляецца ў вольны час бондарствам – старадаўнім рамяством па вырабу посуду з драўляных клёпак. Людзей, якія асвоілі дадзеную справу, не так шмат у краіне, і вынік чакае толькі мэтанакіраваных, творчых, уседлівых і моцных духам беларусаў. Менавіта з такіх наш зямляк.
З Міхаілам мы сустрэліся ў яго майстэрні. У памяшканні, нягледзячы на мноства станкоў, прылад, нарыхтовак з дрэва, жалеза панавала сістэмнасць размяшчэння неабходнага для ўмельцы: усё акуратна разложана, вывешана, расстаўлена.
– Захапіўся я дрэваапра-цоўкай каля пятнаццаці гадоў таму і асвойваў бачкарства самастойна. Пераймаць вопыт мне не было ў каго. Хоць у маім радаводзе быў чалавек, які працаваў цесляром і меў справу з дрэвам. Гэта мой дзед, і ў мяне нават захаваліся яго інструменты. Хто ведае, магчыма ад прашчура мне перадалася такая цяга да ручной працы, – дзеліцца мужчына. – Як пачынаў? Вывучаў шмат спецыяльнай літаратуры, метадам спроб і памылак шукаў адказы на пытанні. Каб разгадаць таямніцы бондарства, браў у рукі драўляны посуд продкаў. Толькі праз немалы адрэзак часу, пры дапамозе матэматычных падлікаў (Міхаіл мае вышэйшую інжынерную адукацыю), знайшоў для сябе патрэбны метад па вырабу посуду з натуральнага дрэва. Зразумеў, што “мой” матэрыял – дуб. Менавіта ён садзейнічае лепшай заквасцы, захоўвае яе водар і смакавыя якасці.
Кожная зробленая рэч – вялікая і карпатлівая праца. Яе “выхаду” у жыццё папярэднічае шмат складаючых, якія павінны быць выкананы якасна і адказна, бо ад гэтага залежыць канчатковы вынік. У гэтай справе – спешка не таварыш. Спачатку майстар набывае дуб. Распілоўка дрэва павінна здзяйсняцца па пэўным правілам, затым дрэва павінна год-два прасохнуць у натуральных умовах на штабялях. Затым на цыркулярцы матэрыялу надаюць неабходны памер і адпраўляюць на тарцоўку, каб усе клёпачкі былі ў адну таўшчыню. Матэрыял лажыцца на станок і апрацоўваецца пад вугал. Далей нарыхтоўку трымаюць у вадзе і награваюць на агні, каб сагнуць, – такі працэс выконваецца ў два-тры падыходы. Майстар надае матэрыялу неабходную форму і дае высахнуць. Настае чарга жалезных абручоў, ільняных алеяў і пчалінага воску для пакрыцця. Згадзіцеся, каб прайсці гэтыя творчыя этапы, патрэбны веды і цесляра, і каваля, і слесара.
Для здзяйснення пералічанага ў бондара павінны быць “пад рукой” мноства прыстасаванняў для апрацоўкі матэрыялу: зварка, цыркулярка, станкі. У майго героя ўсё гэта ў наяўнасці прытым, што некаторыя са станкоў – самадзейныя, зробленыя па асабістых чарцяжах. Вось такая праца народнага ўмельцы, разнастайная, якая патрабуе ўменняў у многіх напрамках.
Тыя, хто скарыстаўся посудам, зробленым Міхаілам, ведаюць: рэчы не толькі прыгожыя, але і якасныя. Для майго героя важна яго рэпутацыя бондара, рабіць драўляны посуд так, каб не падвесці людзей і сябе. На адно толькі наракае герой, не ўсе разумеюць: каб драўляная рэч не рассохлася, трэба выконваць пэўныя правілы.
Час, праведзены з майстрам, праляцеў хутка. Слухаць яго было цікава, глядзець на яго вырабы – прыемна. Не пакідала пачуццё гонару, што на Петрыкаўшчыне жыве такі майстар-самавучка. Нездарма яму дадзены талент – напаўняць жыццё творчасцю і прыгажосцю.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий