Рэспубліканская алімпіяда: інтэлектуальны трыўмф гімназісткі

0
127

Рэспубліканская алімпіяда:  інтэлектуальны трыўмф гімназісткі

У апошнім туры рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел больш за 1,5 тысяч таленавітых школьнікаў з усёй краіны. Гэта не проста спаборніцтва, а сапраўднае свята ведаў, дзе юныя таленты дэманструюць не толькі акадэмічныя поспехі, але і ўменне думаць нестандартна. Сярод пераможцаў – наша зямлячка Аляксандра Булава, навучэнка 10 “Б” класа гімназіі горада Петрыкава.

Аляксандра не першы раз трапляе на старонкі нашай газеты. Нагадаем: у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды дзяўчына атрымала дыплом І ступені. Таксама ў мінулым годзе Аляксандра прывезла на малую радзіму перамогу рэспубліканскага ўзроўню.
На гэты раз Аляксандра атрымала трыўмфальную перамогу і была ўзнагароджана дыпломам I ступені па вучэбных прадметах “Руская мова і руская літаратура” заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды, кіраўнік – Людміла Арсеньеўна Мчэдлава.
Пакуль астатнія школьнікі адпачывалі на вясновых канікулах, Аляксандра ў ліку лепшых знаўцаў рускай мовы і літаратуры дэманстравала свае веды па гэтых навучальных прадметах на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў Мінску. Рыхтаваць Аляксандру да алімпіяд Людміла Арсеньеўна пачала з 5 класа, як толькі стала выкладаць у яе гэты прадмет і заўважыла схільнасць дзяўчынкі да мовы і літаратуры. І практычна адразу вучаніца стала займаць прызавыя месцы ў раённых і абласных этапах алімпіяд. Цікавасць да ўсіх таямніц рускай мовы ў дзяўчынкі ўзрастала з кожным годам, яна шмат чытала.

Рэспубліканская алімпіяда:  інтэлектуальны трыўмф гімназісткі
– Такіх дзяцей, як Аляксандра вельмі мала, дзяўчынка нават на перапынку заўсёды была з кнігамі, якія, акрамя падручнікаў, заўсёды прыносіла з сабой. Перамога на рэспубліканскай алімпіядзе – гэта вынік шматгадовай карпатлівай працы. Сустрэць такога стараннага вучня, як Аляксандра, гатовага ахвяраваць сваім вольным часам, – вялікі поспех для настаўніка. Поспех дзіцяці – гонар для педагога, стымул працаваць, павялічваць сваю кваліфікацыю. Толькі гледзячы на вынікі сваіх навучэнцаў, я разумею, што мая праца не марная. Перамога – гэта ўзнагарода за старанні. У нашай гімназіі створаны ўсе ўмовы для развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей. Ва ўстанове шануюць дасягненні кожнага навучэнца і ўсяляк заахвочваюць імкненне да перамогі. Акрамя Аляксандры Булавы, удзельнікамі абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры ў розны час былі і іншыя мае, ужо былыя, навучэнцы: Марыя Кудравец, Вікторыя Домніч. Але дасягнуць такога трыўмфальнага поспеху ўдалося толькі Аляксандры, – адзначыла Людміла Арсеньеўна.
Аляксандра заўсёды ўпарта зай-малася і пад кіраўніцтвам свайго педагога, і самастойна. Асабліва адказна рыхтавалася сёлета да алімпіяды, каб набраць максімальна магчымую колькасць балаў. І гэта ў яе атрымалася. Гімназістка ўвайшла ў склад каманды Гомельскай вобласці, якой трэба было выступаць на рэспубліканскім этапе.
– Алімпіяды я палюбіла адразу. За сезон адбываецца мноства цікавага: новыя знаёмствы, сустрэчы з сябрамі, вялізная колькасць карыснай інфармацыі. Лічу, што гэтая сфера – добры спосаб праявіць сябе, знайсці аднадумцаў і стаць крышачку лепшым. Вядома, тут маюць месца перажыванні, але добрага, на мой погляд, значна больш, – падзялілася ўражаннем Аляксандра.
Алімпіяда з’яўляецца адной з ключавых падзей у адукацыйным жыцці. Інтэлектуальны марафон аб’ядноўвае школьнікаў з усіх рэгіёнаў, дазваляючы прадэманстраваць веды, творчыя здольнасці і імкненне да новых вяршыняў.
Віншуем Аляксандру і Людмілу Арсеньеўну з заслужанай узнагародай. Вашы поспехі – гэта вынік працы, настойлівасці і імкнення да ведаў! Жадаем вам новых эмоцый і перамог!

Марыя Тамко,
фота з архіва гімназіі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о