Разважанне ў 100 радкоў: Родная мова – душа нашай раёнкі

0
422

Разважанне ў 100 радкоў: Родная мова – душа нашай раёнкіКожны год у лютым свет адзначае Дзень роднай мовы.

Для кагосьці гэта проста дата ў календары, але для нас, калектыву “Петрыкаўскіх навін”, – гэта свайго роду свята прафесійнага і духоўнага самавызначэння. Сёння мне хочацца пагаварыць з вамі, нашы шаноўныя чытачы і падпісчыкі, не пра навіны ці лічбы, а пра тое, што нас аб’ядноўвае на самым глыбокім узроўні.

Наша газета – адзінае выданне ў вобласці, якое без малога 95 гадоў няспынна выходзіць на беларускай мове. Мы ўсведамляем гэта не як прывілей, а як вялікую адказнасць і, калі хочаце, ганаровую місію. У кожным нумары, у кожным радку мы стараемся захаваць тое самабытнае, роднае слова, якое чулі ад бацькоў і дзядоў.
Чаму гэта важна для нас?

Для творчых супрацоўнікаў калектыву рэдакцыі беларуская мова – гэта не проста сродак перадачы інфармацыі. Гэта жывая сувязь пакаленняў. 95 гадоў дыялогу на роднай мове… Мы разам радаваліся ўраджаю, будавалі дарогі, гадавалі дзяцей і заўсёды шукалі тыя самыя трапныя беларускія словы, каб перадаць важнасць і значнасць падзей і прыгажосць нашага краю. І мы шчыра верым у простую, але важную ісціну: краіна жыве да таго часу, пакуль жыве яе нацыянальная культура і гучыць родная мова. Менавіта ў ёй зашыфраваны наш код: наша лагоднасць і чуласць, наша мужнасць і вернасць, наша любоў і адданасць гэтай зямлі.
Дзякуй вам, нашы чытачы!

Гэты шлях быў бы немагчымы без вас. Мы штодня адчуваем вашу падтрымку, і я хачу шчыра падзякаваць кожнаму з вас за тое, што чытаеце, бо кожная падпіска – гэта ваш голас у падтрымку роднага слова.

Падзякаваць за вашы водгукі: лісты і цёплыя словы натхняюць нас працаваць самааддана.
За вернасць традыцыям, за тое, што для вас, як і для нас, мова з’яўляецца каштоўнасцю, якую трэба берагчы.
Мы абяцаем і надалей падтрымліваць гэтую добрую традыцыю: “Петрыкаўскія навіны” будуць прыходзіць у вашы дамы на роднай, мілагучнай “народнай мове”. Мы будзем вернымі свайму выбару, бо ведаем: пакуль мы гаворым і чытаем па-беларуску – мы застаемся самімі сабой, а ў нашай мовы ёсць будучыня. Мы беражом яе не для музеяў, а для нашых дзяцей, каб ведалі: яны не “перакаці-поле”, у іх ёсць глыбокія карані.

І калі родная мова – гэта душа народа, то наша раёнка, без перабольшання, – люстэрка, у якім гэтая душа адбіваецца кожны тыдзень.

Са святам вас, дарагія падпісчыкі! Няхай роднае слова заўсёды гучыць у вашых дамах, сагравае сэрцы і дапамагае нам разумець адзін аднаго без лішніх тлумачэнняў.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о