Праект “Інфарматыка без разеткі” для дзяцей дашкольнага ўзросту вось ужо 3-ці год дзейнічае на базе ДУА “Дзіцячы сад №7 г. Петрыкава”.

Увогуле, праект накіраваны на вывучэнне асноў інфарматыкі без выкарыстання камп’ютара ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі.
Днямі мы сустрэліся з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталляй Галавач, каб падрабязней даведацца пра рэалізацыю дадзенага праекта:
– У 2022 годзе мы прынялі ўдзел у праекце Парку высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі” для дашкольнікаў, – пачала свой аповед Наталля Сцяпанаўна. – Намі была сфарміравана каманда, у якую ўваходзілі 4 педагогі. Праект цудоўна паказаў сябе ў дзіцячых садах горада Мінска, таму і мы вырашылі рэалізаваць яго ў нашай установе.
Для таго, каб атрымаць магчымасць удзельнічаць у праекце, трэба было годна прайсці анлайн-навучанне, выканаць тэсты і здаць экзамен. Як прызнаецца суразмоўца, тэсты былі даволі складаныя, большасць з іх патрабавала праявіць лагічнае мысленне.
– Мы годна вытрымалі ўсе выпрабаванні і атрымалі сертыфікаты, якія далі нам права рэалізаваць задуманае ў нашай установе – дзеліцца Наталля Сцяпанаўна. – Пасля завяршэння курса навучання мы змаглі спампаваць праграму і ўжо праводзіць заняткі з дзеткамі. Усе заданні, гульні, канспекты нам дасылаюць са сталіцы. Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень.
Як адзначыла намеснік загадчыка, дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі. Зараз у групе 11 удзельнікаў. На ўроках яны разгадваюць рэбусы, вучацца лагічна думаць, пераадольваць розныя перашкоды. Спачатку дзеці выконваюць заданні педагога, а потым і самі могуць стаць педагогамі і вучыць астатніх.
– Дзеці займаюцца ў спецыяльным пакоі, які быў абсталяваны пад дадзены праект. На падлозе змяшчаецца спецыяльнае палатно, якое дзеліцца на клеткі. На ім выхаванцы таксама выконваюць заданні, – пазначыла Наталля Сцяпанаўна.
Пасля кожнага занятку дзеці разам з педагогам становяцца ў круг і выконваюць гімн, пры гэтым паралельна перадаюць галоўны сімвал праекта “Інфарматыка без разеткі” ката Алесіка. Маюць выхаванцы і педагогі спецыяльную форму: белыя майкі з лагатыпам, дзе таксама змяшчаецца кот Алесік.
Жыццё чалавека праходзіць па пэўных алгарытмах, і ўменне іх выконваць становіцца важным кампанентам дзейнасці сучаснага чалавека. Таму з маленства дзеці павінны навучыцца кіраваць сваёй дзейнасцю, дасягаць пастаўленыя мэты, у гэтым і дапамагаюць дадзеныя праекты.

Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о