У Петрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў выпускны вечар. Ва ўрачыстай абстаноўцы 36 выпускнікоў усіх аддзяленняў школы атрымалі пасведчанні аб дадатковай адукацыі.
Выпускны вечар – гэта заўсёды асаблівы, хвалюючы, радасны і крыху сумны дзень. Для кожнага чалавека музыка – гэта чароўная мова, на якой размаўляюць з намі на самых глыбокіх узроўнях. Яна пранікае ў сэрца, цешыць душу і напаўняе свет фарбамі, якія немагчыма ўбачыць вачыма. Кожны гук, кожная нота – гэта як кропля дажджу, якая падае на зямлю, абуджаючы жыццё і напаўняючы яе мелодыяй.
Яшчэ ўчарашнія выхаванцы школы сталі выпускнікамі. Паспяхова здадзены іспыты, адгучалі заключныя акорды. Хлопцы і дзяўчаты зрабілі важны крок у сваім жыцці, пераадолелі нямала цяжкасцяў на шляху да пазнання таямніц музычнага мастацтва і сакрэтаў выканальніцкага і сцэнічнага майстэрства, праявілі сілу волі і характар, годна завяршыўшы навучанне. Колькі ўсяго праспявана песень, праведзена канцэртаў і майстар-класаў – ніхто не здолее пералічыць. Многім з дзяцей уручылі Ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у конкурснай дзейнасці.
Хочацца адзначыць, што без пера-большанняў: усе выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў нашага горада і раёна. Так, пасведчанні аб заканчэнні школы мастацтваў з адзнакай атрымалі: Паліна Ашарчук, Марына Дзегцярэнка, Аліна Зябкіна, Марыя Іскрыцкая, Валерыя Кароль, Данііл Міцкевіч, Аліса Пашкоўская, Арцём Федарэнка, Эльза Яцкавец.
Узнагароджанне Ганаровымі граматамі і ўручэнне пасведчанняў суправаджалася выступленнем не толькі радасных выпускнікоў, а таксама творчых калектываў школы і філіялаў. З выдатнай падзеяй у жыцці выпускнікоў павіншавала дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Святлана Шамолава.
Прагучала шмат цёплых слоў у адрас любімых і таленавітых педагогаў. Са словамі падзякі выступілі бацькі выпускнікоў.
Многія з герояў урачыстасці звяжуць жыццё з мастацтвам. Аднак, калі нават калі хто-небудзь з гэтых юнакоў і дзяўчат абярэ іншы жыццёвы шлях, яны заўсёды будуць асвятляць сваімі талентамі навакольны свет.
Ад усёй душы віншуем усіх з заканчэннем школы мастацтваў і шчыра верым, што яркае святло мастацтва застанецца з вамі назаўжды.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий