Вёска Капцэвічы знаходзіцца ў зоне абслугоўвання філіяла “Лучыцкі СДК”. Творчы калектыў філіяла часта наведваецца сюды, каб павіншаваць жыхароў вёскі з нагоды святаў, выступіць з канцэртам ці абрадам.
У гэты ж раз мы прыехалі ў Капцэвічы да самых маленькіх жыхароў, да дзетак школьнага ўзросту. А іх тут аж трое. Гэта Васіліна і Марыя Бельскія, Саша Кулакоўскі. Дзяўчынкі – вучаніцы 2 і 3 класаў ДУА “Лучыцкая сярэдняя школа”, а вось Аляксандр у гэтым годзе стаў першакласнікам. Далучыўся да нас і пяцігадовы Мацвей, які прыехаў у госці да бабулі. Дзеці з задавальненнем паведалі нам, як праходзіў іх адпачынак летам, дзе яны паспелі пабываць, што бачылі новае і цікавае для сябе.
Спачатку мы правялі невялікую экскурсію для дзяцей да каменя, які знаходзіцца на тэрыторыі мясцовага парка і расказалі легенду пра гісторыю яго паходжання.
Але ж мэтай нашага прыезду было правядзенне гульнявой праграмы “Самы, самы, самы…!” З вялікім захапленнем дзеці прымалі ўдзел у гульнях і конкурсах. У іх з’явілася магчымасць паспаборнічаць у сіле, хуткасці, спрыце і кемлівасці.
Гадзіна праляцела на дзіва непрыкметна, а дзецям хацелася гуляць яшчэ і яшчэ. Ім было цікава, весела і зусім не хацелася ісці дамоў. У канцы праграмы ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы і адпусцілі нас толькі тады, калі мы паабяцалі, што хутка зноў наведаемся да іх у госці.
Зоя АГЕЕНКА, загадчык філіяла “Лучыцкі СДК”.
Оставить комментарий