Калектыў Петрыкаўскага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Днепра-Бугскі водны шлях”, як і ўся галіна рачнога транспарту, у нядзелю адзначыць сваё прафесійнае свята. Чым жыве калектыў і хто складае яго гонар – пра гэта нашаму карэспандэнту распавёў начальнік участка Ігар Пархоменка.
У прызначаны час наведаліся на прадпрыемства. На прахадной нас сустрэў кіраўнік і адразу завязалася размова. Падзялілася сваімі назіраннямі: здаецца, не першы раз на аб’екце, аднак заўсёды выклікае захапленне і павагу практычна ўзорны парадак на ўнушальнай тэрыторыі, у вытворчых памяшканнях і адміністрацыйным будынку. На пытанне як удаецца трымаць усё на кантролі і ў парадку, Ігар Аляксандравіч зазначыў: вялікую падтрымку аказвае галаўное прадпрыемства – усе пытанні па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку вырашаюцца пры іх непасрэдным удзеле. Да таго ж, калі кожны член калектыва заняты сваёй справай і стараецца яе выконваць максімальна якасна – ніякіх цяжкасцей і пытанняў не ўзнікае. А калектыў Петрыкаўскага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Днепра-Бугскі водны шлях”, як запэўніў кіраўнік, менавіта такі: надзейны, працаздольны, адказны і старанны. Па інфармацыі начальніка ўчастка, на прадпрыемстве сёння працуе толькі 22 чалавекі, з якіх 4 – інжынерна-тэхнічныя работнікі. 10 асноўных работнікаў, на чыіх плячах і мазолістых руках увесь аб’ём заказаў, а ён, паверце, не маленькі, – з пастаўленымі задачамі спраўляецца якасна і своечасова.
Сярод асноўных заказчыкаў прадпрыемства – Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, ДРБУ-112 і непасрэдна само галаўное прадпрыемства. Не без гонару Ігар Аляксандравіч паведаміў, што на тэрыторыі ад Мазыра да Турава і далей да Пінска – яны манапалісты. Усе дзеючыя рачныя порты свой флот рамантуюць і абслугоўваюць на Петрыкаўскім рамонтна-эксплуатацыйным участку, як, між іншым, і флот Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.
– Што да сёлетніх цікавых заказаў, то плывучую гасцініцу “Тураў” рыхтавалі да навігацыі, “падымалі” баржы Мазырскага і Мікашэвіцкага портаў. Запамінальным заказам мінулых гадоў можна назваць выраб пантонных прычалаў для новай набярэжнай нацпарку. Прычалы – цалкам наш прадукт, выраблялі іх, што называецца, з нуля. Добра атрымалася – задаволены і заказчык, і мы, адпаведна. К слову, будаўнічым прадпрыемствам “Днепра-Бугскі водны шлях” зроблены канал і сама набярэжная. Прыемна, бываючы ў аграгарадку, усведамляць, што маеш дачыненне да чагосьці вялікага і прывабнага, – падзяліўся Ігар Аляксандравіч.
Як пазначыў у час гутаркі суразмоўца, у спісе буйных заказаў, над якімі працуе калектыў у дадзены момант, – заборы шандорныя і цеплаход Мікашэвіцкага порту, які стаіць на рынгу.
– Рост аб’ёмаў – гэта з аднаго боку, што немалаважна, стабільны і высокі заробак членаў калектыва, з другога – аўтарытэт, які служыць гарантам нашай надзейнасці і будучых заказаў. На гэтым і стаім, – падзяліўся сваімі прынцыпамі і падыходамі ў рабоце кіраўнік.
Прадпрыемства не стаіць на месцы. Кіраўніцтва добра разумее: каб якасна і ў поўным аб’еме ажыццяўляць рамонтныя работы, неабходна тэхнічна адпавядаць запатрабаваным відам работ. Вось сёлета, напрыклад, рэканструкцыю правяліі: шпалы рамантавалі, сёмы пуць зрабілі, каб большыя рудавозы прымаць. Галаўное прадпрыемства бачыць у Петрыкаўскім участку перспектыву, пагаворваюць пра пашырэнне штату і вытворчых магчымасцяў.
Зразумела, што за паспяхова працуючым прадпрыемствам стаяць яго работнікі, прафесіяналы, адданыя абранай справе людзі – кожны з іх на асобным рахунку ў кіраўніка. Таму і моладзь замацоўваецца, і пенсіянеры не спяшаюцца на заслужаны адпачынак, бо ведаюць: іх цэняць, у іх маюць патрэбу.
– Добрыя спецыялісты ў нашай справе – штучны тавар, таму стараюся ўтрымаць і тых, у кім бачу перспектыву, і тых, хто мае каштоўны вопыт. У гэтым сэнсе брыгадны падрад – рэальна працуючая школа прафесійнага росту. Да таго ж, ідзе паралельнае знаёмства і навучанне па сумежных прафесіях і кваліфікацыях – таксама карысны і патрэбны навык і вопыт. Добрых судазборшчыкаў, зваршчыкаў, слесараў і электрыкаў у сваім штаце мараць мець многія, і мы не выключэнне. Таму, калі вас прываблівае рамантыка рачнога флоту, – прыходзьце да нас на работу. Так, праца наша не з лёгкіх, да таго ж адказная і патрабуе сур’ёзных навыкаў. Аднак, калі рамонтныя работы завершаны і судна спускаем на ваду, радасць і гонар за якасна зробленую работу – найлепшая ўзнагарода.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць усіх работнікаў нашага прадпрыемства і пажадаць сур’ёзных заказаў і высокіх заработкаў. Ветэранам падзякаваць за сумленную і самаадданую працу на карысць прадпрыемства. Галоўнае пажаданне для ўсіх – моцнага здароўя, міру, згоды і дабрабыту ў сем’ях, – пазначыў у завяршэнні размовы Ігар Аляксандравіч.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий