На гэтым тыдні актавая зала гімназіі горада Петрыкава сабрала трэцякласнікаў з розных устаноў адукацыі раёна, якіх адрознівае неардынарнасць мыслення і здольнасць даваць бліскучыя адказы. Тут праходзіў раённы этап абласнога дзіцячага інтэлектуальнага конкурсу “ДзетКІ”.
У яркім мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі шасці каманд: “Зорачкі” – сярэдняя школа №2 горада Петрыкава,“Праменьчык” – Мышанская сярэдняя школа, “Зорачкі” – Гімназія горада Петрыкава, “Эрудыты” – Капаткевіцкая сярэдняя школа, “Любазнайкі” – сярэдняя школа №1 горада Петрыкава, “Усязнайкі” – Капцэвіцкая сярэдняя школа.
З прывітальным словам да прысутных выступіла Алена Слязь, метадыст Петрыкаўскага раённага навучальна-метадычнага кабінета.
Жадаючы стаць першымі, хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. Яны прэзентавалі візітныя карткі, а ў другім этапе выконвалі заданні па вучэбных прадметах: “Матэматыка”, “Літаратурнае чытанне”, “Беларуская мова” і “Чалавек і свет”. А так як канкурсанты – гэта ўсё ж такі дзеці малодшага школьнага ўзросту, арганізатары асаблівую ўвагу надалі правядзенню музычных паўз, паміж турамі і пасля завяршэння конкурсных мерапрыемстваў. Яркія нумары падарылі ўдзельнікам навучэнцы гарадской гімназіі.
Што ж, заданні выкананы, балы падлічаны. На вяршыні пераможнага інтэлектуальнага пʼедэстала размясціліся “Зорачкі” другой гарадской школы. Сярэбраным прызёрам стала каманда навучэнцаў першай гарадской школы “Любазнайкі”, каманда “Праменьчык” Мышанскай сярэдняй школы замкнулі тройку лідараў.
Пяці трэцякласнікам-інтэлектуалам, падапечным настайніцы пачатковых класаў сярэдняй школы №2 Алены Служэнка, давядзецца прадстаўляць Петрыкаўшчыну на абласным этапе, які пройдзе 19 лютага ў горадзе Калінкавічы.
Пажадаем поспехаў нашым маленькім, але ўжо такім таленавітым пераможцам!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий