Рацыянальна выкарыстоўваць прыродную, культурна-гістарычную і духоўную спадчыну

0
221

Адбылося чарговае пасяджэнне Прэзідыума Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў. Асноўнае пытанне, вынесенае на павестку дня, – “Аб развіцці турызму ў Петрыкаўскім раёне”.

Рацыянальна выкарыстоўваць прыродную, культурна-гістарычную і духоўную спадчыну

Пра выкананне на Петрыкаўшчыне дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная на 2021-2025 гады” паведаміла загадчык сектара спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама Зінаіда Беламутава. Было адзначана, што турыстычную інфраструктуру раёна фарміруюць ДПУ “НП “Прыпяцкі”, ДРАЦ “Пціч”, 3 гасцініцы, 11 суб’ектаў аграэкатурызму, 41 аб’ект грамадскага харчавання, 2 – прыдарожнага сэрвісу, 3 дамы паляўнічага і рыбака. Аб’екты забяспечаны ўсімі выгодамі, зонамі адпачынку, магчымасцю арганізацыі палявання і рыбалкі, правядзення пешых, водных, аўтамабільных турыстычных маршрутаў, культурна-пазнавальнага, лячэбна-аздараўленчага, гастратурызму. Становіцца папулярным развіццё зялёных экалагічных маршрутаў: Петрыкаўскім лясгасам распрацаваны два водныя экалагічныя маршруты па рацэ Пціч. Прывабліваюць жыхароў краіны і падзейныя мерапрыемствы, такія як тэматычныя фестывалі “Ноч ваўкоў”, “Дзікае Палессе”, “Свята птушак”, “Ноч барсукоў”, арганізатарамі якіх з’яўляецца Нацыянальны парк.
Экспарт турыстычных паслуг на Петрыкаўшчыне выконвае 5 суб’ектаў рэспубліканскай і камунальнай форм уласнасці. Па выніках 9 месяцаў бягучага года выканання паказчыка склаў 1209,8 працэнта ад даведзенага. У сваю чаргу старшынёй раённага Савета дэпутатаў было адзначана, што выкананне агучаных паказчыкаў стала магчымым дзякуючы галоўнаму экспарцёру ў раёне НП “Прыпяцкі”. На думку Віталія Уладзіміравіча, астатнім суб’ектам неабходна пераглядзець і ўдасканаліць работу па прадастаўленні турыстычных паслуг насельніцтву. Час патрабуе ўнясення новых прапаноў і магчымасцей, якія адпавядаюць жаданню жыхароў краіны, наведвальнікаў з-за мяжы. Неабходна больш актыўна размяшчаць рэкламныя матэрыялы пра турыстычны патэнцыял рэгіёна як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі.
Абмяркоўвалася пытанне экскурсійнай дзейнасці ў раёне. На думку членаў Прэзідыума, трэба больш актыўна выкарыстоўваць наведванне аб’ектаў культурна-гістарычнай, духоўнай спадчыны – на нашай малой радзіме функцыянуюць 4 музеі, у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь уключана 39 аб’ектаў раёна.
Усе прапановы знайшлі адлюстраванне ў Рашэнні Прэзідыума.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о