На беларускай зямлі ў міры і згодзе ў духу добрасуседства пражываюць прадстаўнікі больш чым за 156 нацыянальнасцей. На нашай зямлі замежнікі адчуваюць сябе як дома. Петрыкаўшчына не стала выключэннем: у раёне жывуць, працуюць, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей і радуюцца ўнукам людзі іншых нацыянальнасцей. Адна з такіх – гераіня майго аповеду.
Старэйшаму пакаленню жыхароў Петрыкаўшчыны добра знаёма асоба Рано Андрук. А дакладней сказаць – яе голас. “У эфіры – навіны Петрыкаўскага раёна” – абвяшчала рэдактар мясцовага радыё кожны аўторак і суботу на працягу трынаццаці гадоў. І жыхары населеных пунктаў падыходзілі да прыёмнікаў, каб пачуць яе мілагучны, правільна “пастаўлены” голас.
– Хоць я працавала і ў другіх галінах, усё ж з маім імем большасць петрыкаўчан звязваюць работу рэдактара радыё “Петрыкаўскіх навін”, – прызнаецца гераіня перад тым, як пачаць аповед пра свой лёс.
Петрыкаўшчына – яе другая радзіма, але суразмоўца прызнаецца: за сорак пяць гадоў жыцця ў Палескім краі, гэтая зямля набыла для яе першараднае значэнне. Родам Рано Юсуфаўна з узбекскага горада Бухара. Бацька – Юсуф Махмудавіч, быў ваены, мама – Рашыда Мамедаўна займала кіруючую пасаду ў аблспажыўсаюзе. У сям’і было восем дзяцей. Што цікава, дзяўчынкі – Рано, Райхон, Роза, Лола, згодна ўзбекскім традыцыям былі названыя ў гонар якой-небудзь кветкі. Рано – кветка базылікі.
– З Беларусю маё знаёмства адбылося яшчэ ў дзяцінстве: бабуля па лініі маці жыла ў Гомелі і ў нас з ёю была вельмі цесная сувязь. Часта я прыязджала ў сінявокую з бацькамі, як падрасла – самастойна. Усё мне тут падабалася: людзі, клімат, умовы для жыцця, – успамінае жанчына. – Пасля дзесяці класаў я паступіла ў Ташкентскі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысёра музыкальнай драмы і камедыі. Менавіта ў той перыяд, пайшла з жыцця бабуля і аставіла мне ў спадчыну жыллё ў Гомелі. Час ад часу я наведвалася ў Беларусь, каб прыглядзець за кватэрай.
Адна з такіх паездак стала лёсавызначальнай. Суседам па купэ аказаўся ўраджэнец Петрыкава, ваеннаслужачы, адзінага тады ў Савецкім Саюзе ўзвода “Розыск”. Гераіня кажа: да Масквы ехалі тры дні, а пасля душа ў душу пражылі разам трыццаць шэсць гадоў. Юнаку настолькі спадабалася маладая ўзбечка, што праз паўгода папрасіў яе рукі і сэрца. Рано дала згоду. Запаў і ёй у сэрца беларус. Аставіла пасля трэцяга курса інстытут, сям’ю і паехала да любага ў Кіеў – на той час ён там служыў, дзе і зарэгістравалі брак.
– Канечне я хвалявалася, калі першы раз ехала знаёміцца з роднымі Леаніда ў Петрыкаў. Бацька яго працаваў дырэктарам гартопа, маці – пашпартысткай у камунгасе. Людзі ў горадзе вядомыя, а тут сын выбраў у жонкі дзяўчыну іншай нацыянальнасці, – успамінае суразмоўца. – Але хваляванні былі дарэмныя. Як цяпер памятаю: прыехалі ў райцэнтр у дзве гадзіны ночы. Нас сустрэў свёкар, падышоў да мяне, паглядзеў, абняў і крыкнуў жонцы “Ганна, ідзі паглядзі, якая ў нас нявестка прыгожая! А ты хвалявалася”. А калі я звярнулася да яго па імя і бацьку, то папрасіў называць яго татам.
З цягам часу маладыя вырашылі абаснавацца ў Беларусі. Па-першае – на Украіне не было свайго жылля, па-другое – муж атрымаў траўму і пасля перанесеных аперацый папрасіў пераводу на службу на Радзіму. Муж з жонкай абмянялі кватэру ў Гомелі на жыллё ў Петрыкаве. І пачалі сямейнае самастойнае жыццё.
– Працоўны стаж я пачала з работы сакратар-машыніста. Затым у Макарычах адкрываўся дзіцячы садок. Я падала заяўку і мяне ўзялі, але з адной умовай – атрымаць дашкольную адукацыю, – расказвае гераіня. – Паступіла ў Гомельскае педвучылішча, якое закончыла з чырвоным дыпломам. Была прапанова працягваць вучыцца ў вышэйшай установе адукацыі, але падрасталі два сыны, неабходна было больш быць з сям’ёю.
Жанчына дзесяць гадоў адпрацавала ў сістэме адукацыі раёна – была загадчыцай у дзіцячых садках Макарыч і Галубіцы. У час працоўнага адпачынку летам ездзіла ў Ляскавіцкі піянерскі лагер у якасці выхавацеля. Менавіта там таленавітага педагога, якая і спявала, і танчыла, займалася афарміцельскай і арганізатарскай дзейнасцю, заўважыў рэдактар раённай газеты Іван Самахвалаў і запрасіў рэдактарам мясцовага радыё.
Гаворачы пра Рано Юсуфаўну, нельга не адзначыць яе ўклад у культурнае жыццё Петрыкаўшчыны. Нейкі час жанчына была метадыстам у раённым Доме культуры, заўсёды прымала актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці, у яе рэпертуары прысутнічалі і таджыкскія песні, што дазваляла мясцоваму слухачу знаёміцца з культурай нацыянальных супольнасцей Беларусі. На пастаяннай аснове жанчына прадстаўляла раён на Усебеларускім фестывалі нацыянальных культур, дзе прэзентавала культуру Узбекістана: частавала гасцей стравамі традыцыйнай узбекскай кухні, прадстаўляла нацыянальнае адзенне і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выконвала нацыянальныя песні.
Пабывала мая суразмоўца на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню ва ўсіх кутках Беларусі і адусюль прывозіла Дыпломы, Удзячнасці, узнагароды за захоўванне і прапаганду самабытнай культуры народаў, якія жывуць у Беларусі.
Несумненна творчая, педагагічная, рэдактарская дзейнасць Рано Юсуфаўны ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культурнага, асветніцкага жыцця Петрыкаўшчыны.
Мая гераіня ўжо даўно на заслужаным адпачынку, дзесяць гадоў таму з жыцця пайшоў яе муж. Але здаецца час не падуладны над ёю: жанчына не страціла сваёй прываблівасці, творчага запалу, душэўнай прыгажосці і сардэчнай цеплаты. Яе апора – сыны Цімур і Дзмітрый, якія падарылі жанчыне чатырох унукаў. Нягледзячы, што жыццё гэтай усходняй жанчыны напоўнена асабістымі клопатамі, яна адкрыта для навакольных, пры першай неабходнасці працягне руку дапамогі. А як жа інакш? Кветка базілікі, якая папулярная ў Сярэдняй Азіі, не толькі прыгожая, але і лячэбная.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота з сямейнага архіву гераіні.
Оставить комментарий