Сёння ўся наша ўвага будзе накіравана на моцную палову чалавецтва, людзей, гатовых у любы момант устаць на абарону Радзімы, а ў мірны час – штодня засцерагаць ад нягод свой дом і сям’ю. У свята доблесці і адвагі мы з асаблівай павагай глядзім на тых, хто праходзіць службу ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь. Адзін з іх – наш малады зямляк, ураджэнец аграгарадка Ляскавічы Андрэй Чарнушэвіч.
– Для мяне паняцце “сапраўдны мужчына” – гэта, перш за ўсё, абаронца сваёй краіны. Я заўсёды ведаў, што ў маёй біяграфіі будзе такая старонка, як служба ў войску. Да такой жыццёвай школы я рыхтаваўся з юнацкіх гадоў: фізічная падрыхтоўка, выпрацоўка пачуцця адказнасці, узаемавыручкі, – распавядае герой. – Памятаю, як у пачатковай школе настаўнікі расказвалі, што такое Радзіма і за што яе трэба любіць. У сярэднім і старэйшым звяне я ўдзельнічаў у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, спартыўных спаборніцтвах, цікавіўся героямі, якія баранілі родную зямлю ў розныя гады.
Пасля заканчэння школы юнак паступіў у Жыткавіцкі дзяржаўны каледж на спецыяльнасць “Ляснік. Кіроўца”. На выбар паўплываў працоўны прыклад бацькоў, якія, так ці інакш, звязалі сваё жыццё з лясной галіной: Надзея Леанідаўна – работнік Ляскавіцкага ЭЛАГ, бацька Мікалай Пятровіч – трактарыст на лесасеках. Пасля атрымання дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі і да службы ў войску юнак прайшоў практыку ў Ляскавіцкім лясніцтве і працаўладкаваўся ў Жыткавіцкім раёне. Служыць быў накіраваны ў сілы спецыяльных аперацый, 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Чырвоназнаменную брыгаду. З галоўных крытэрыяў адбору ў дэсантнікі – моцнае здароўе. Не меншую ролю адыгрываюць мужнасць, працавітасць, уседлівасць. Менавіта ад уменняў і зладжанай працы гэтых байцоў у многім залежыць поспех вучэбнай і ваеннай аперацыі.
– Па прыездзе ў часць я, як і іншыя хлопцы з усёй Беларусі, прайшоў курс маладога байца. Мы ўніклі ў дэталі вайсковага побыту, асвоілі азы ваеннай службы: прайшлі страявую, агнявую, тактычную, паветрана-дэсантную, медыцынскую падрыхтоўку, – працягвае салдат. – Не буду хаваць: першы час было цяжка. Але паступова прывык да новага распарадку, старэйшыя таварышы дапамагалі ў адаптацыі да новых умоў. З часам пазнаёміўся з іншымі салдатамі, з кімсьці пасябраваў, адчувалася і падтрымка камандзіраў.
Пасля заканчэння курса маладога байца юнакоў размеркавалі па падраздзяленнях. Андрэй кажа, што з першай хвіліны ў часці салдаты ўвесь час нечым занятыя: навучаюцца, атрымліваюць новыя веды, гартуюцца фізічна. Войска – стала другой сям’ёй без перабольшання.
Малады зямляк служыць ужо год і на асабістым досведзе пераканаўся: войска дае навыкі, каб умець абараніць сябе, сваю сям’ю, краіну і народ. Свята абаронцаў Айчыны Андрэй будзе адзначаць з роднымі – за добрую службу ў радавога дваццаць дзён водпуску. У красавіку бягучага года ён прыйдзе дадому і працягне працоўную дзейнасць на карысць Петрыкаўшчыны. У яго планах – атрымаць катэгорыю трактарыста для працы на лясной спецтэхніцы, рыхтавацца да самастойнага дарослага жыцця.
– Патрыятызм для мяне – гэта не пустыя словы. Гэта тое, што дорага мне: сям’я, блізкія, сябры, родны аграгарадок, – адзначае абаронца Айчыны. – Быць гатовым аберагаць усё тое, чым мы ганарымся – абавязак кожнага беларуса, які любіць гісторыю свайго роду, сваю малую радзіму.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий