Работа з насельніцтвам – індыкатар прафпрыгоднасці кіраўніцтва

0
598

Напрыканцы мінулага тыдня адбылося пасяджэнне райвыканкама, на якім разглядаліся наступныя пытанні: вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, што былі накіраваны ў Петрыкаўскі райвыканкам у 2023 годзе; вынікі работы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў па абароне насельніцтва і тэрыторыі раёна ад надзвычайных сітуацый у 2023 годзе і задачы на 2024 год; аб арганізацыі веснавога севу і стварэнні моцнай кармавой базы для зімова-стойлавага ўтрымання жывёл на 2024-2025 гады ў Петрыкаўскім раёне.

Работа з насельніцтвам –  індыкатар прафпрыгоднасці кіраўніцтваПасяджэнне прайшло пад старшынством кіраўніка раёна Аляксандра Кохана. Удзел у ім прынялі старшыня райсавета Сяргей Макарэвіч,намеснік начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Генадзь Кучынскі, пракурор раёна Сяргей Таболіч, а таксама начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адной з важнейшых задач дзяржавы па абароне правоў, законных інтарэсаў і стварэнні ўмоў для павышэння якасці жыццязабеспячэння насельніцтва. Пра вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, што былі накіраваны ў Петрыкаўскі райвыканкам у 2023 годзе, прысутных праінфармавала ўпраўляючы справамі райвыканкама Алена Пастухова.

Па інфармацыі дакладчыка, у мінулым годзе ў райвыканкам паступіў 261 зварот, на 10 меней, чым годам раней. Назіралася зніжэнне колькасці пісьмовых зваротаў і электронных, павялічылася колькасць вусных і калектыўных. Амаль палова ўсіх зваротаў тычылася пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі: добраўпарадкаванне, утрыманне вулічна-дарожнай сеткі, рамонт і эксплуатацыя жыллёвага фонду. Былі пытанні і да транспартнага злучэння, рамонту і падсыпкі дарог, гандлю і прадпрымальніцкай дзейнасці. Станоўча вырашана кожнае пятае пытанне, па 186 накіраваны тлумачэнні, адмоўлена ў задавальненні 1-го патрабавання, 17 знаходзяцца на кантролі.

Што да адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыкметы, то назіраецца рост зваротаў ад жыхароў Ляскавіцкага, Пціцкага, Конкавіцкага, Муляраўскага і Навасёлкаўскага сельскіх Саветаў. Зменшылася колькасць зваротаў ад іншагародніх грамадзян, жыхароў Галубіцкага, Мышанскага і Капаткевіцкага сельвыканкамаў. Не паступала зваротаў на адрас райвыканкама ад насельніцтва Лучыцкага сельвыканкама.

Па меркаванні старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана, адной з прычын росту зваротаў з’яўляецца недастатковая работа па своечасовым прыняцці мер у адносінах да просьб грамадзян старшынямі сельвыканкамаў.

Пры гэтым абнадзейвае той факт, што знізілася колькасць зваротаў у вышэйстаячыя органы. Запатрабаваныя ў насельніцтва раёна прамыя тэлефонныя лініі кіраўніцтва раёна, вобласці, прадстаўнікоў рэспубліканскай вертыкалі ўлады, выязныя прыёмы грамадзян. Так, у час падрыхтоўкі асабістых прыёмаў грамадзян старшыні райвыканкама з 77 заяўленых пытанняў 27 былі вырашаны да дня прыёма. Для аператыўнага рашэння найбольш актуальных пытанняў насельніцтва ў выканкаме працягнута работа штотыднёвай “гарачай тэлефоннай лініі”.

Па пытанні інфарміравання насельніцтва па надзённых тэмах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця краіны і рэгіёна прысутных на пасяджэнні праінфармавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец.

– Інфармацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах і з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў, сходы грамадзян, анкетаванне, інфармацыйная работа праз групы ў сацыяльных сетках і каналы зваротнай сувязі – дзейсныя сродкі ўзаемадзеяння з насельніцтвам, якія даюць свае станоўчыя вынікі, – пазначыла галоўны ідэолаг раёна.
– Для комплекснага вырашэння праблем, што хвалююць насельніцтва, неабходна працягнуць цеснае ўзаемадзеянне сельскіх выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, сродкаў масавай інфармацыі. Аднак у першую чаргу павінен быць рэальны клопат пра людзей, без пустых абяцанняў, фармалізму і валакіты, – рэзюмаваў Аляксандр Кохан.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о