У сераду, 11 снежня, у горадзе Петрыкаве стартавалі абласныя спаборніцтвы па валейболе другой групы раёнаў сярод юнакоў і дзяўчат 2010-2011 гадоў нараджэння ў рамках 37-й круглагадовай спартакіяды школьнікаў.
У турніры, акрамя каманд гаспадароў, прынялі ўдзел валейбольныя дружыны з Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Рагачоўскага і Хойніцкага раёнаў. Удзельнікі другой групы былі вызначаныя па прынцыпе блізкай колькасці насельніцтва ў рэгіёнах.
У першы спартыўны дзень калектывы правялі жараб’ёўку, згодна з якой і былі падзелены на дзве групы. Пераможцы групавога этапа ў наступны дзень, 12 снежня, змагаліся за чэмпіёнскі тытул, а каманды, якія занялі другія месцы, аспрэчвалі права ўзняцца на трэцюю прыступку п’едэстала абласнога валейбольнага турніру.
Спаборніцтвы сярод дзяўчынак праходзілі ў спартыўнай зале гімназіі. Менавіта сем вучаніц гэтай навучальнай установы і адна спартсменка з другой гарадской школы прадстаўлялі наш раён на турніры. Зямлячкі пачалі ўпарта, увесь час чапляліся за любую магчымасць, але не здолелі супрацьстаяць пад ціскам апанентак з Добрушскага раёна, саступіўшы з лікам 1:2. Вынік дзвюх наступных сустрэч быў таксама не на нашу карысць: паражэнні хайнічанкам і валейбалісткам з Рагачоўскага раёна мелі лік 0:2. Такім чынам, спаборніцтвы для нашых дзяўчын скончыліся ў першы гульнявы дзень.
Прызавыя месцы ж размер-каваліся сярод прадстаўніц цудоўнай паловы наступным чынам: тытул чэмпіёнак быў за дзяўчынкамі з Лельчыцкага раёна, другое месца заняла дружына з Рагачоўшчыны, а трэцяя прыступка п’едэстала скарылася камандзе з Жыткавіччыны.
Юнакі з Петрыкаўшчыны, насупраць, выглядалі сярод сапернікаў фаварытамі. У групе яны безапеляцыйна разабраліся з апанентамі з Рагачоўшчыны і Хойніччыны – арбітры зафіксавалі пасля абодвух матчаў у пратаколе сухія пераможныя лічбы “3:0”. Заставалася толькі дачакацца наступнага дня, калі наша дружына будзе змагацца за перамогу ў абласных спаборніцтвах.
У чацвер зборная Петрыкаўскага раёна, якая складалася з навучэнцаў першай гарадской, Конкавіцкай, Чалюшчавіцкай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ выйшлі на гульню з камандай Добрушскага раёна за чэмпіёнскі тытул. Першапачаткова калектывы нібы прыглядаліся адзін да аднаго, намагаліся злавіць апанентаў на памылках. Але даволі хутка гаспадары пачалі планамерна адрывацца ад гасцей і завяршылі першую партыю з упэўненай дамінацыяй – 25:11. Кураж меў працяг: другі адрэзак сустрэчы ўвогуле прайшоў незаўважна і скончыўся з вынікам 25:6.
А вось пачатак трэцяй партыі выклікаў засцярогу і сумныя ўспаміны. Нашыя хлопцы пачалі рабіць памылкі ў простых момантах, аддаваць, здавалася б, свае ачкі. Падобную сітуацыю мы назіралі ў адпаведным фінале год таму, калі землякі вялі, але ўрэшце разгубіліся і саступілі, аддаўшы запаветную перамогу. Закрадалася думка, а ці не паўторыцца сюжэт той сустрэчы?..
У адрозненні ад мінулагодняга матча, нашыя хлопцы выглядалі, на здзіўленне, спакойна. Спакойна і метадычна яны зраўнялі лік і выйшлі наперад. Спакойна забяспечылі сабе ўдвая большую перавагу па ачках і давялі трэцюю партыю да фінальнага свістку з лікам 25:13 і вынікам 3:0.
Землякі святкавалі перамогу, пакінуўшы добрушскіх валейбалістаў у званні віцэ-чэмпіёнаў. Трэцяе месца было ў той дзень за юнакамі з Хойніцкага раёна.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий