Заўтра ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень стаматолага.
Думаю, не памылюся, калі скажу: няма такога чалавека, які б не звяртаўся за дапамогай да людзей гэтай прафесіі. Праўда, некаторыя пацыенты яшчэ перад кабінетам зубнога ўрача, адкуль даносіцца пранізлівы гук бормашыны, адчуваюць унутраны страх. Аднак такі стан прападае, калі трапляеш у рукі дасведчанага і ўмелага ўрача. Менавіта такім спецыялістам з’яўляецца Алена Янава.
Алена Пятроўна стаць медыкам хацела яшчэ будучы навучэнкай Конкавіцкай сярэдняй школы. Прызнаецца, што з захапленнем глядзела на людзей у белых халатах. У яе сям’і ніхто не быў звязаны з медыцынай: маці працавала санітаркай на мясцовым ФАПе, бацька – у будаўнічай сферы. Родныя падтрымалі жаданне дачкі, якая разумела: для здзяйснення мары патрэбны цвёрдыя веды.
– З падзякай успамінаю педагогаў сваёй роднай школы, якія далі неабходныя веды, – дзеліцца гераіня. – Трэба прызнацца, што я была прыкладнай вучаніцай і ў атэстаце стаялі толькі тры чацвёркі, а астатнія пяцёркі (па пяцібальнай сістэме – заўвага аўтара). Але ўсё ж асаблівую ўвагу я ў час вучобы надавала хіміі і біялогіі.
Калі дыплом аб сярэдняй адукацыі быў на руках, былая выпускніца накіравалася падаваць дакументы ў Віцебскі медыцынскі інстытут.
– Для залічэння не хапіла балаў і на сямейным савеце было вырашана не губляць час, а паспрабаваць сілы ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ім стала Гомельскае медыцынскае вучылішча, – успамінае зямлячка. – Я паспяхова здала іспыты і пачала навучацца зубной справе. Праз тры гады атрымала дыплом па спецыяльнасці “Зубны ўрач”. На першае месца працы прыехала на Петрыкаўшчыну – у Пціч. Потым выйшла замуж і ў 1991 годзе прыйшла ў Петрыкаўскую ЦРБ.
Алена Пятроўна ў прафесіі ўжо трыццаць чатыры гады. За сваё адказнае стаўленне да працы заслужыла павагу калег і пацыентаў. Гаворыць: ні разу не пашкадавала пра свой выбар.
– Сучасная стаматалогія ступіла далёка наперад. З’явіліся новыя машыны, тэхналогіі, пра якія і не меркавалі, калі я была пачынаючым урачом. Сёння ў насельніцтва такога дыскамфорту пры наведванні нашага кабінету, як раней, няма. Але адно з тых часоў засталося нязменным: паважлівыя, добразычлівыя ўзаемаадносіны ўрача і пацыента, – дзеліцца ўрач.
Алена Пятроўна бачыць шмат нагод для радасці. У працоўным калектыве здаровы мікраклімат, прысутнічае падтрымка і ўзаемадапамога. Яна адчувае пазітыўнае, паважлівае стаўленне калег да сябе і адказвае ім тым жа, імкнучыся рэалізавацца поўнасцю. Спецыяліст зазначае, што радуе і тое, што насельніцтва ў апошнія гады стала больш сачыць за сваім здароўем: не тады, калі захварэлі, а штодзень. Асаблівая радасць у жыцці жанчыны – яе сям’я: ужо дарослыя сын і дачка, унук, аднак суразмоўца не хавае, што праца па-ранейшаму займае важнае месца ў яе жыцці.
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць сваіх калег з гэтым днём, – звярнулася гераіня. – Жадаю ўсім здароўя, радасці, дабрабыту ў сем’ях. Няхай кожны наш працоўны дзень будзе напоўнены ўдзячнымі ўсмешкамі пацыентаў.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий