Блізіцца апошні месяц бягучага года, зусім хутка мы будзем сустракаць новы, 2025 год – цудоўная нагода, каб падвесці вынікі, прааналізаваць падзеі, паглядзець на створанае ў 2024-м, паставіць ацэнкі і вызначыць кірунак далейшага развіцця. З гэтай прычыны мы вырашылі пацікавіцца ў землякоў, чаму яны выбіраюць раёнку, што ім падабаецца чытаць і, вядома, чаго не хапае сённяшнім чытачам на старонках “Петрыкаўскіх навін”.
Ірына РАБУШОК, спецыяліст службы газазабеспячэння:
– Увогуле, лічу раёнку даволі насычанай як з пункту гледжання тэматыкі, так і жанравасці. У нумарах газеты можна атрымаць актуальную інфармацыю пра ўсе сферы жыцця Петрыкаўшчыны: ад вытворчасці да навін культуры і поспехаў землякоў.
Вядома, многім чытачам падабаюцца забаўляльныя матэрыялы, таму было б нядрэнна, калі на старонках газеты з’явіліся б, напрыклад, рэцэпты смачных страў для гаспадынь ды карысныя парады для гаспадароў – гэта вельмі блізкія кожнаму нататкі, якія не пакідаюць абыякавымі: воляй-няволяй, але ўсё роўна прачытаеш, што там “Петрыкаўскія навіны” прапануюць прыгатаваць да святочнага стала.
Што да афармлення, то радуюць вока шматлікія фотаілюстрацыі, асабліва каляровыя – з імі любы артыкул выглядае больш прывабна і ярка. Вельмі зручна было, калі раней на першай старонцы журналісты анансавалі тэмы нумара. Такім чынам, як толькі бярэш газету ў рукі, хутка можна было вызначыць для сябе цікавыя матэрыялы, з якіх і пачынаеш бавіць вольны час, чытаючы раёнку.
У кіёску “Белсаюздрук” набываў свежы нумар “Петрыкаўскіх навін” Іван ДУБІК, пенсіянер:
– Раёнку я чытаю з маладосці. Мы, на самой справе, заўсёды выпісваем мясцовую газету, але на гэты раз не паспелі за хатнімі справамі і працягам месяцу прый-дзецца набываць любімае выданне ў кіёску. Перш за ўсё раю ўсім чытаць “Петрыкаўскія навіны”, каб быць у курсе ўсіх спраў, што адбываюцца ў раёне, вобласці і ў краіне. Жонка ж мая, якая ўвесь свой прафесійны шлях працавала ў міліцыі, таксама не ўяўляе вольны час без, так бы мовіць, аператыўнай інфармацыі пра падзеі на Петрыкаўшчыне.
Ведаю, што некаторыя ў першую чаргу шукаюць у газеце артыкулы пра родную вёску і яе людзей. Мне ж цікава чытаць усё, бо воляю лёсу я быў хіба не ва ўсіх населеных пунктах раёна, багата каго ведаю, таму кожны куток нашага краю лічу сваім.
Пытаеце, чаго не хапае?.. Уласна для мяне ўсяго дастаткова. Ёсць і сур’ёзныя матэрыялы, і артыкулы для душы. Канешне, газета з цягам часу мяняецца, але працягвае заставацца для мяне цікавай і карыснай, таму, можна сказаць, што з “Петрыкаўскімі навінамі” я разам на ўсё жыццё.
Таццяна ШЧУЧЭНКА, спецыяліст РайЦГіЭ:
– Пэўна, усе надаюць першачарговую ўвагу матэрыялам, звязаным з прафесійнай дзейнасцю. Таму пачынаю знаёмства са свежым нумарам менавіта з такіх артыкулаў. Вельмі цікава чытаць і пра істотныя падзеі, святочныя мерапрыемствы, якія адбываюцца на Петрыкаўшчыне. Вядома, не пакідае абыякавай і актуальная інфармацыя ў рубрыцы “Да ведама”, якую карысна ведаць кожнаму земляку.
З асаблівым пачуццём унікаю ў аповеды людзей, што зведалі гора і страты, якія прынесла Вялікая Айчынная вайна. Праўду кажуць: нельга забывацца пра памылкі гісторыі, каб яны не паўтарыліся зноў. Канешне, увагу надаю і артыкулам пра выбітных ураджэнцаў нашага раёна, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё роднага краю – гэта людзі з багатым жыццёвым вопытам, якім ёсць што расказаць чытачам. Не абмінаю і замалёўкі, прысвечаныя адметным месцам Петрыкаўшчыны, якія можна наведаць разам з гасцямі ў цёплы сезон.
Дарэчы, пра мерапрыемствы і прапановы адпачынку можна даведацца як раз ад “Петрыкаўскіх навін”, як то кажуць, пастфактум, таму хацелася б бачыць на старонках раённай газеты больш анонсаў, якія дапамаглі б спланаваць актыўныя выхадныя і карысна правесці свой вольны час.
Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий