«Праясняецца пагода, бо вярнулася вясна…» — напісаў у 1910 годзе 19-гадовы хлопец, якога аднойчы назавуць вялікім беларускім паэтам, празаікам, публіцыстам, літаратурным крытыкам. На дварэ — вясна-2025, а значыць, новыя пакаленні чытаюць гэтыя радкі і захапляюцца імі.
Праясняецца пагода,
Бо вярнулася вясна.
Ўсё чакаеш, што прырода
Ўстрапянецца ада сна.
І пад птушы крык і гоман,
Даўшы хвалям вольны ход,
Прыпадыме бацька Нёман
На хрыбце магутным лёд…
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослымАднак што за зімы былі некалі: бацька Нёман добра, аказваецца, напружваўся, каб разарваць на сваім хрыбце лёд! Цяпер жа такая «пагода» засталася хіба ў кніжцы «Выбраныя творы» Максіма Багдановіча, дзе змешчаны і згаданы ўрывак з верша «Перад паводкай» славутага нашага земляка. Праз новае выданне, у якое ўвайшло шмат вершаў, а яшчэ проза і пераклады класіка, паперажываем мы не толькі за зімовы зыход. Нямала будзе ў вялікіх творах нагод для глыбокага роздуму — і сумнага, і светлага. Як жа неверагодна, што спасцігнута ўсё гэта, пакладзена на паперу ва ўзросце да 25 гадоў! А між тым у свой час штосьці з напісанага маладым чалавекам некаторыя сучаснікі рашуча спісвалі «ў архіў» (гэткую суровую рэзалюцыю вынес выдавец і рэдактар адзінай газеты, у якой можна было друкаваць тады беларускамоўныя вершы). На шчасце, сучаснікі кажуць пра творцу толькі так: «Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету».
Адразу некалькі славутых імёнаў майстроў мастацкага слова пачатку ХХ стагоддзя знойдзем у кнізе «Сборник прозаических произведений для дополнительного чтения в 11 классе». Апавяданні Аркадзя Аверчанкі, Леаніда Андрэева, Міхаіла Булгакава, Барыса Зайцава і Яўгена Замяціна, безумоўна, знойдуць водгук не толькі ў маладога пакалення. Раптам старэйшыя члены сям’і ўпусцілі ў свой час магчымасць пачытаць прапанаваныя творы ў дадатак да вучэбнай праграмы? А тут — такая нагода. Сярод немалой колькасці забытых, цяжка зразумелых слоў з незваротна мінулага стагоддзя знойдзем у кнізе столькі жывога, непадробнага, сапраўднага, чулага, што возьме ў палон і адпусціць толькі на самай апошняй старонцы. Там акурат заканчваецца апавяданне «Красавік» Яўгена Замяціна. Кароценькі твор не пра месяц года… Ён пра каханне — першае, чыстае. Пра школьнікаў Насцю ды Колю. Адзін пацалунак перажыло дзяўчо, а колькі думак, ды якіх — ад радасных да… зусім дурных!
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослым«Глянула Настя вниз. Так близко белеют плиты. Страшно, в-в-в… И жаль. Чего? Себя? Или ясной весны?
Все равно. Это надо. Ну, подождать, пока стемнеет. И еще сказать сначала ему, предупредить, что мать…».
Усё таму, што якая-небудзь шкодная цётка ўгледзіць, што ёй не трэба, ды ўлезе са сваім маралізатарствам: «Что же это, с кавалерами-то уж на улице стала теперь целоваться? Вот оно ка-ак? Так-так-так». Праўда, пашчасціла нашай Насцёне з мамай. Карыснае можа атрымацца чытанне — і для дачок-падлеткаў, і для іх матуль.
А тым, хто гадуе дзетак малых, вельмі раю звярнуць увагу на прыгожую, з адмысловымі малюнкамі, у шыкоўнай вокладцы кніжку «Мае цудоўныя гісторыі на добры сон». Прынамсі, для дзетак выпускаецца нямала выданняў, але не кожнае можна адразу палюбіць. Тут акурат такі выпадак. Нават знешне кніга — сапраўдны падарунак. Змест таксама незвычайны. Тут сабраны поўныя пяшчоты гісторыі, здольныя пацешыць малых перад сном. Прапанаваны фармат пасуе для вечаровага чытання. А каб дзіцячая радасць была яшчэ большай, можна паразглядваць малюнкі з выявамі галоўных герояў. Варта дадаць, што і аўтары тэкстаў, і ілюстратары — французы, а пераклад на беларускую мову выканала Кацярына Маціеўская.
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослым
«Цудоўныя гісторыі» ўсе звязаны са сном або з надыходам вечара ці ночы. Яны яшчэ і выхаваўчыя, як і належыць дзіцячым творам. Гісторыя «Арчыбальд не хоча спаць» Алін дэ Пеціньі ды Эстэль Мадэдзю — пра лісянят, да якіх не ідзе сон. Але ж сапраўдны тата абавязкова прыдумае нейкую хітрасць. «Наступнага вечара лісяняты знаходзяць у сваіх пакоях ліхтарык і таймер для кожнага.
— Чытайце, але як толькі таймер спрацуе — час класціся, — тлумачыць тата.
— А ліхтарык навошта? — пытае Арчыбальд.
— А гэта на выпадак, калі вы захочаце пачытаць пад коўдрай.
— Як добла! — крычыць Фелікс. — Хутчэй бы навучыцца чытаць!».
Лісяняты і тыя ведаюць, што чытаць — гэта цікава. Бо столькі ўсяго можна спазнаць! Ці жылі б мы без раслін, чаму пахнуць кветкі, або ці баіцца хлеб марозу, ці існуе папараць-кветка, чаму вада «цвіце»… Што адкажаце на гэтыя пытанні? Ну вось і нагода выправіць сітуацыю з дапамогай кніжкі «10 пытанняў пра расліны» з серыі «100 пытанняў пра Беларусь» (аўтар праекта — Алесь Бадак).
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослымЯно вядома, што асноўнымі лісцевымі раслінамі нашай краіны з’яўляюцца дуб, бяроза, вольха, граб, ясень, таполя, ліпа, рабіна, клён; што ў лясах і парках пераважаюць хвойныя дрэвы — высокія стройныя сосны і разгалістыя елкі. Але «навошта нам столькі дрэў?» — так гучыць, напрыклад, сёмае пытанне кнігі. Вось і пацікавімся…
А каб яшчэ больш падсілкаваць жаданне пагартаць старонкі гэтай невялічкай кнігі, прывяду пару фактаў, звязаных з… выкарыстаннем некаторых частак раслін у якасці гаручага. Аказваецца, у Кітаі ёсць дрэва сіндора клабра, вадкасць з якога ўзгараецца гэтак жа хутка, як і нафта. А сок бразільскага малачаю, алей эўкаліптаў (у Японіі), ужытыя ў якасці паліва, нават выдзяляюць куды менш шкодных рэчываў, чым бензін. Яшчэ больш дзіўных фактаў знойдзем у кнізе пра расліны, што звязаны з нашай краінай.
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослымІ ў працяг тэмы даследавання беларушчыны скажу, што сярод іншых кніг, што папоўнілі маю хатнюю бібліятэку апошнім часам, ёсць кніжачка кішэннага фармату «Символы суверенной Беларуси» (аўтар тэксту і ўкладальнік — Сяргей Мусіенка). Выданне невялікае, але грунтоўнае. Пра два віды сімвалаў: дзяржаўныя (сцяг, герб, гімн, Канстытуцыю) ды нацыянальныя. Колькі апошніх можаце адразу назваць? Бусел, зубр, лён, валошкі, бульба — усё правільна! Але не забудзем пра рэкі і азёры, батлейку, арнамент, слуцкія паясы, народную творчасць, ў (у «нескладовае»), крыж Еўфрасінні Полацкай, пяціканцовую зорку на стэле «Мінск — горад-герой», «кветку Перамогі»… Урэшце, на думку аўтарскага калектыву, да ліку нацыянальных сімвалаў варта аднесці і такое паняцце, як «месца сілы». Праўда, агульнага такога месца для ўсіх беларусаў не існуе — для кожнага яно сваё. Хтосьці падсілкоўваецца наведваючы лес, дакранаючыся да сакральнай вярбы, іншага грэюць клопаты аб старой дзедавай хаце ў глыбінцы.
«Найти свое место силы — значит, обрести источник истинных ценностей, энергии, помогающей уверенно строить будущее!» — гаворыцца ў кнізе. Можа хто яшчэ не знайшоў, дык ёсць магчымасць натхніцца.
Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс «Беларуская думка».

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о