Людзей трэба слухаць, размаўляць з імі і належным чынам рэагаваць на тыя пытанні, якія яны ставяць перад уладай. На гэта арыентаваў чыноўнікаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній.
“Восень – час падводзіць вынікі, выбудоўваць стратэгію на будучы год. Таму самая галоўная наша задача – годна завяршыць гэты год і пачаць наступны год. Ад гэтага будуць залежаць шмат у чым і вынікі прэзідэнцкіх выбараў, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Прыярытэт – работа з людзьмі. У дзейнасці ўсіх кіраўнікоў – і рэгіёнаў, і мясцовай вертыкалі, і кіраўнікоў цэнтральнага звяна”.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на падыходы ў рабоце з насельніцтвам, якіх павінны прытрымлівацца чыноўнікі: “Лю-дзей трэба слухаць, з людзьмі трэба размаўляць і належным чынам рэагаваць на тыя пытанні, якія яны ставяць перад намі”.
У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка спытаў удзельнікаў нарады, якія пытанні з’яўляюцца найбольш вострымі на гэты момант і якая выніковасць работы з такімі зваротамі. “Менавіта ад гэтага залежыць аўтарытэт кожнага кіраўніка, на месцах кіраўнікоў і ўлады ў цэлым”, – папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па зразумелых прычынах для любога чалавека на першым плане звычайна знаходзяцца паўсядзённыя жыццёвыя клопаты. “Некаму хочацца дах адрамантаваць, камусьці – плот паставіць, некаму нечага не хапае ў магазіне і гэтак далей. Усё трэба вывучаць, сартаваць (гэта заўсёды трэба рабіць) і разумець, што павінны мы арганізаваць, улада, а што павінны зрабіць самі людзі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы арыентаваў на сістэмную, эфектыўна адладжаную работу на ўсіх узроўнях улады. “Напрыклад, пра цэны людзі часта мяркуюць не па статыстыцы, а па сваім кашальку, пра якасць адукацыі – па размовах з канкрэтным педагогам, пра ўзровень медыцыны – па сваёй паліклініцы, пра ўладу ў дзяржаве – па дзеяннях асобна ўзятага дзяржслужачага, да якога яны звяртаюцца. Я намякаю на тое, што ўсе павінны ў гэтай звязцы працаваць”, – акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Галіна КАЗАК. Фота БелТА.
Оставить комментарий