У Конкавіцкай сярэдняй школе, зрэшты, як і ва ўсіх установах адукацыі раёна, прайшоў месячнік ваенна-патрыятычнай работы, прысвечаны 81-гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 36-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. На працягу гэтага перыяду навучэнцы школы прымалі актыўны ўдзел у пазнавальных мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці.
Адной з яркіх і запамінальных для малодшых школьнікаў стала квэст-гульня “Музейныя хованкі” – прадукт у рамках інклюзіўнага праекта “Розныя роўныя” (на фота). Гульню распрацавалі і правялі валанцёры атрада “Іскра”. Выхаванцы падчас квэста акунуліся ў мінулае: разгадалі загадкі старадаўніх рэчаў, прыбралі лялек у нацыянальную вопратку, адправіліся на пошукі ваеннай тэхнікі. Патрыятычнае выхаванне і памяць пра генацыд у гады Вялікай Айчыннай вайны непадзельныя паняцці. У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту прайшла канферэнцыя з удзелам настаўніка гісторыі Аляксандра Гваздзя. З прадстаўленых даследаванняў для многіх навучэнцаў школы адкрыліся жорсткія гістарычныя старонкі жыцця лагераў смерці, нечалавечыя ўмовы знаходжання ў іх вязняў, даведаліся пра кошт вызвалення з канцлагера.
У межах прафарыентацыйнай работы адбылася сустрэча старшакласнікаў з курсантам УА “Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь” Канстанцінам Грыгор’евым. У свой час Канстанцін, скончыўшы нашу школу, зрабіў годны прафесійны выбар. Зямляк з радасцю і гонарам распавёў пра свае яркія навучальныя будні, пра прэстыжную і запатрабаваную прафесію, якая дазволіць з упэўненасцю глядзець у будучыню. Кранальным і эмацыйна напоўненым для навучэнцаў стаў урок мужнасці “Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў”, прысвечаны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У госці да вучняў прыйшоў воін-інтэрнацыяналіст Віктар Сыцько, размова з якім заўсёды цікавая і незабыўныя для дзяцей.
За перыяд правядзення месячніка рэалізаваны акцыі “Абеліск” (на фота), “Мы створаны для добрых спраў”, прайшоў піянерскі збор “Маленькія героі вялікай і страшнай вайны”, арганізаваны прагляд фільма “200 метраў пад зямлёю”.
Юля Несцярэня,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
ДУА “Конкавіцкая сярэдняя школа”.
Оставить комментарий