У невялікай вёсцы Макарычы, дзе кожны ведае адзін аднаго, жыве герой нашага аповеду – малады настаўнік фізічнай культуры, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, які вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны пасля вучобы ў горадзе.
Нікадзім Хамякоў нарадзіўся і вырас у вёсцы Макарычы. З дзяцінства ён любіў спорт: футбол, лыжы, лёгкая атлетыка – усё гэта было часткай яго жыцця.
– Мне падабалася назіраць за працай свайго настаўніка Івана Мікалаевіча Якубенкі. Гледзячы на тое, як чалавек любіць спорт, дзяцей, сваю працу – я без роздуму вырашыў стаць настаўнікам,– пачынае свой аповед малады настаўнік.
Пасля школы юнак паступіў у педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна на факультэт фізічнай культуры (фізкультурна -аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць).
– У горадзе, вядома ж, было цікава, але я заўсёды ведаў, што хачу вярнуцца дадому, – расказвае Нікадзім. – Мне вельмі пашанцавала нарадзіцца і вырасці ў вёсцы. Думаю, са мной пагодзяцца многія. Люблю сваю малую радзіму за тое, што тут, на беразе ракі Прыпяць, я знайшоў сваё месца. Тут мае бацькі, сёстры і пляменнікі, мае карані, тут я адчуваю сябе патрэбным, – прызнаецца зямляк.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Нікадзім вярнуўся ў Макарычы – паступаў юнак па мэтавым накіраванні. Калі малады настаўнік з’явіўся ў роднай школе, яго сустрэлі з радасцю. Навучэнцы і выкладчыкі былі рады бачыць свайго земляка, які вярнуўся, каб навучаць і матываваць моладзь. Уладкаваўся настаўнікам фізічнай культуры і спорту, але толькі на 3 месяцы, далей хлопца чакала служба ў войску.
Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Служба стала для хлопца сапраўднай школай жыцця, бо дэсантнікі – гэта людзі, здольныя праявіць кемлівасць і знаходлівасць у самых складаных сітуацыях. Пасля службы вярнуўся ў школу, дзе працягнуў працу настаўнікам фізічнай культуры і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.
– Я бачу, як дзеці ганарацца сваёй краінай, як яны ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і праяўляюць цікавасць да гісторыі сваёй Радзімы. Я разумею, што ўсе мае намаганні не марныя. Лічу, што трэба размаўляць з дзецьмі. Я часта задаю сваім вучням пытанне: хто такі патрыёт сёння? Яны пачынаюць разважаць на гэтую тэму, а потым дзяліцца са мной сваімі думкамі. Разам мы прыходзім да высновы, што патрыёт – гэта чалавек, які ганарыцца сваёй краінай, актыўны ўдзельнік яе жыцця, які імкнецца да яе дабрабыту і росквіту. І сваім прыкладам я хачу паказаць гэта навучэнцам,– распавядае настаўнік.
– Я веру, што нават у маленькай вёсцы можна стварыць нешта вялікае. Галоўнае – пачаць і не баяцца марыць. Дзеці – гэта наша будучыня. Я хачу, каб яны раслі здаровымі, моцнымі і ўпэўненымі ў сабе.
Гісторыя нашага героя паказвае, што шчасце – гэта не толькі вялікія гарады і кар’ерныя вышыні, але і магчымасць рабіць нешта важнае для тых, хто побач.
– Я шчаслівы, што магу быць карысны сваёй малой радзіме і не саромеюся статусу “вяскоўца”. Звяртаючыся да сваіх маладых калег, якія адмаўляюцца працаваць ў вёсках, я хачу сказаць, што баяцца гэтага не трэба. Не бойцеся зрабіць гэты крок. Магчыма, гэта стане найлепшым рашэннем у вашым жыцці.
Марыя Тамко,
фота аўтара.
Оставить комментарий