Прыгожая птушка з нялёгкай фальклорнай гісторыяй

0
716

Паглядзіце якога прыгажуна мы сустрэлі ў наваколлі вёскі Брынёў. Чорны каршун, ці, як яго яшчэ называюць, каршак – птушка велічная і драпежная, вядомая кожнаму беларусу. Таму пакідаць у публікацыі апісанне драпежніка здаецца залішнім, прынамсі, даведацца пра жыццё каршуна можна са шматлікіх крыніц. Іншае цікавае пытанне: як нашыя продкі ставіліся да гэтай птушкі ў даўнія часы?

Прыгожая птушка  з нялёгкай фальклорнай гісторыяй

Трэба адзначыць, што пашаны каршун у былых пакаленняў беларусаў і ўсходніх славян увогуле не знайшоў. Калі арол лічыўся царом птушынага свету ў прыродзе, а сокал – хіба не галоўным драпежнікам у дапамозе чалавеку (бо яго выкарыстоўвалі ў паляванні высакародныя асобы), то каршун лічыўся выключна шкоднікам, які нападае на свойскую птушку. Згадайце самі, нават зараз у маўленні спрытнага хлопца могуць назваць “арлом”, “саколікам”, а вось каршака згадваюць толькі ў адмоўным сэнсе, напрыклад – у лаянках: “Каб цябе каршун задзёр!”, “Ах вы каршунова пер’е!”.

Не дзіва, што такі нізкі статус трэба было неяк патлумачыць, таму ў вуснай народнай традыцыі існавала паданне, згодна якому каршак адмовіў Богу насіць ваду па ўсім свеце і чысціць мора, як гэта рабілі ўсе іншыя птушкі. За гэта Бог забараніў драпежніку піць ваду з вадаёмаў – сілкавацца птушка магла толькі дажджавой вільгаццю. Менавіта гэтым тлумачыцца крык каршака, падобны на “Пі-і-і” – у спякотныя часы ён просіць злітасцівіцца Бога і даслаць дождж з просьбай “Пі-і-іць”.

Што тычыцца абраднасці, то і тут пярэстаму не пазайздросціш: на Палессі быў зафіксаваны абарончы абрад свойскай птушкі ад нападаў драпежніка, напрыканцы якога мужчыны з’яўляліся з забітым каршуном, за што іх частавалі жанчыны. Калі здабыць каршака не ўдавалася, яго ролю адыгрывалі воран, ці, нават, сава.
Добра, што зараз гэтыя архаічныя светаўяўленні сышлі ў нябыт.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о